Падазроная каробка ў цэнтры Гродна спалохала гарадзенцаў (дадалося відэа)

|

Сігнал аб невядомым прадмеце ў цэнтры Гродна паступіў каля 16.40 ад невядомага мужчыны. Праз некалькі хвілін вуліцу Ажэшкі ачапілі супрацоўнікі міліцыі. Цягам 10 хвілін прыехала хуткая дапамога і пажарная машына. За імі аварыйная і сапёрная служба.

Відэа: Яўген Сідар і Мікола Лапкоўскі. 

 

Студэнты, у якіх скончыліся заняткі, не пакідалі тэрыторыі ўніверсітэта і пільна сачылі за падзеямі. Але былі і такія, якім тэрмінова трэба было ісці, яны прарываліся праз ачапленне, а пасля вярталіся, калі іх даганялі.

 

Жанчыны і мужчыны, якія ішлі ў той момант з працы, былі вельмі незадаволеныя сітуацыяй.


– Прыдумалі нам дзіцячы садок, прапусціце! Мне ісці трэба! – заявіла жанчына, якая стаяла каля міліцыянера.

 

Пачакайце, мы вывезем прадмет, і вы спакойна пойдзеце дадому, – адказаў супрацоўнік.

 

З натоўпу сталі даносіцца крыкі “IГIЛ тут!“. Гарадзенцам у той момант было чамусьці вельмі весела.

 

У 17.30 да каробкі сталі падыходзіць сапёры з сабакам. Усе пільна сачылі за тым, што адбывалася.

Супрацоўнікам спатрэбілася каля пяці хвілін каб узяць каробку і пакласці яе ў машыну. Пазней стала вядома, што каробка з сімволікай Чырвонага крыжа апынулася пустая.

 

У 17.40 рух ужо аднавіўся, людзі ў спешцы сталі пакідаць вуліцу Ажэшкі.

 

Дарэчы, на каробцы было напісана “Швейцарскі Чырвоны крыж”. У гарадзенскай абласной арганізацыі Чырвонага крыжа не разумеюць якім чынам пустая каробка магла апынуцца на тратуары ў цэнтры горада.

 

***

 

Вялікую ролю ў прадухіленні тэрарыстычных актаў мае актыўная пазіцыя рамадзян. Cвоечасовае рэагаванне грамадзян магло б істотна павысіць магчымасці праваахоўных органаў па выяўленні і прадухіленні такіх здарэнняў. Паводле міліцыі, гарадзенец, які паведаміў пра каробку, зрабіў усё правільна.