Гарадзенскі гурт “3D” замахнуўся на Еўрабачанне

|

З песняй “Маё сэрца” дзяўчыны плануюць прабіцца ў фінальную стадыю нацыянальнага адборачнага тура і там атрымаць пуцёўку на “Еўрабачанне-2016” у Швецыі. 26 лістапада яны прэзентавалі песню ў Мінску.


Вынікі выступлення яшчэ не вядомыя, бо на ўдзел у адборачным туры было пададзена каля 100 заявак. Усіх канкурсантаў падзялілі на два дні. Другі дзень адбору пройдзе 1 снежня і толькі тады абвесцяць вынікі. Праслухоўванне праходзіць у Белтэлерадыёкампаніі з жывым гукам у суправаджэнні музыкі і фанаграмы.

Дыяна, салістка гарадзенскай групы (на фота злева), распавядае, што рашэнне аб удзеле ў адборы прыйшло спантанна:


– Нягледзячы на тое, што мы даўно хацелі паспрабаваць, пытанне заўсёды заставалася адкрытым. Прадстаўляць Беларусь і наш горад на такім легендарным конкурсе – вельмі ганарова і хвалююча. Хочам спадабацца не толькі сябрам журы, але і гледачам. Вельмі спадзяемся на падтрымку, хочацца верыць, што Гродна з намі.

 

Песня “Маё сэрца” (My heart), са слоў салісткі, менавіта пра тое, што прымушае сэрца біцца часцей і часцей. Пра тое, што натхняе і акрыляе. Адным словам, пра каханне.


– Наша песня адлюстроўвае наш унутраны свет. А мы – энергічныя, харызматычныя, вогненныя, няўрымслівыя. На сцэне мы не граем – мы жывем гэтым. Мы такія, якія мы ёсць i гледачам гэта падабаецца.

Сярод тых, хто хоча прадстаўляць Беларусь на конкурсе, ёсць як сольныя выканаўцы, так і калектывы. Пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць гледачы з дапамогай тэлефоннага і смс-галасавання падчас трансляцыі фінальнага шоў.

 

***

 

Гурт “3D” быў створаны ў 2013 годзе у межах праекта “Ведай нашых”.