“Нёман” прайграў апошні матч сезону і пуцёўку далей у Кубак, а заўзятары зладзілі перформанс з Янкам Купалам
Гэты матч у Гродне чакалі доўга. У заўзятараў ужо склалася традыцыя пачынаць новы сезон у Кубку Беларусі. Ды і супернік трапіўся падапечным Сяргея Саладоўнікава ўдалы. Мінчукі на гэтай стадыі Кубка мінулыя разы прапускалі гарадзенцаў наперад. Многія думалі, што тое самае будзе і гэтым разам, тым больш першы матч, які праходзіў у Мінску, склаўся ўдала для жоўта-зялёных.
Паводле апытання заўзятараў Сяргей Курганскі стаў лепшым гульцом сезону ў “Нёмане”. Памятны знак яму ўручае старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой
Абедзве каманды ў першым тайме прадэманстравалі добры футбол з багаццем барацьбы і момантаў. У гарадзенцаў свае шанцы змарнавалі Горбач, якi біў пяткай пасля стандарту, і Савіцкі, які не рэалізаваў свае выхады адзін на адзін.
Пасля перапынку пайшлi чаканыя навалы атак ад “Дынама”. У некалькіх момантах Курганскаму ўдалося абараніць вароты. Але на 53-й хвіліне пасля удару Бечырая мяч усё ж пабываў у сетцы “Нёмана”.
Пасля гала гаспадары пайшлі ў атаку. Савіцкі і Савасцьянаў былі блізкія да ўзяцця варот, але ім не хапала дакладнасці. За 20 хвілін да канца сустрэчы пачаліся сур’ёзныя сутычкі паміж гульцамі каманд. Жарсці ўсё накалялiся, бо на кон пастаўлена была апошняя пуцёўка ў наступны раўнд Кубка.
Каб выратаваць гульню Саладоўнікаў выпускае ў пару да Канцавога яшчэ двух нападаючых: Кавалёнка і Бомбеля. Гарэў агонь у вачах гарадзенцаў, але вось часу хлопцам не хапіла, каб нанесці хоць адзін сур’ёзны ўдар суперніку. Суддзя дадаў тры хвіліны, але гэтага не хапіла нават каб стварыць пагрозу каля брамы суперніка.
Лепшымі ў гэты дзень былі гарадзенскія заўзятары, якія падрыхтавалі маляўнічы перфоманс.
“Нёман” – “Дынама-Мінск” 0:1