Чаму нельга паказваць пальцам на неба? Адказ у кнізе “Этнаастраномія” Цімафея Авіліна

Кніга складаецца з пяці раздзелаў, прысвечаных народным назвам зорак і сузор’яў, метэорам, зоркам у фальклоры і плямам на месяцы. У кнізе ёсць дадаткі з тэкстамі палявых экспедыцый і 34 мапы, якія адлюстроўваюць, дзе на Беларусі якая назва была распаўсюджана. Цімафей збіраў звесткі за XVIII-XXI стст. у Беларусі і дадаваў факты з крыніц суседніх краін.

 

Зорка, што падае – анёл або цмок

 

Цімафей расказаў, адкуль наогул узялася такая з’ява, як энтаастраномія. Светапогляд людзей, якія калісьці прыдумвалі назвы сузор’ям і зоркам, адрозніваўся ад нашага. З зоркамі ў нябёсах яны асацыявалі сваю душу, сімвалы зорак у нашых продкаў былі на кашулях і прасніцах. Нават на валунах былі высечаныя адтуліны, якія нагадвалі сузор’і.

 

Лічылася, што ў кожнага чалавека на небе свая зорка. Зоркі адметных асобаў і правіцеляў былі яркімі, звычайных людзей – драбнейшымі. Калі ляціць зорка, то нехта або памер, або нарадзіўся. Зоркай лічыўся анёл, які ляціць па чыюсьці душу. Таму можна было загадваць жаданне, пакуль ляціць зорка, і прасіць у анёла што хочаш. А яшчэ лічылася, што гэта ляціць цмок з  рознымі скарбамі – золатам, срэбрам, збожжам…

– Не зусім правільна рабіць цмока сімвалам Беларусі, – кажа Цімафей. – Бо ў нашых легендах яны з’яўляюцца амбівалентнымі персанажамі, а паводле некаторых вераванняў, нават маглі мець блізкія стасункі з жанчынамі, у якіх муж’я загінулі або былі на заробках.

 

Як зоркі лячылі барадаўкі

 

Сярод павер’яў ёсць нават “практычныя” парады. Лічылася, што калі трэсці рукой, пакуль ляціць зорка, можна пазбавіцца барадаўкі. А вось паказваць пальцам на зорнае неба нельга, бо барадаўкі могуць з’явіцца. А яшчэ, ткнуўшы пальцам на зорнае неба, ты можаш паказаць на “сваю” зорку, і ў горшым выпадку памерці.

 

Па Месяцу адзначалі час. Шмат легенд звязана і з плямамі на ім. Лічылася, што гэта два браты, якія забіваюць адзін аднаго, або распяты Хрыстос. Месяц у народных песнях асацыяваўся з хлопцам, “панічам”. Вядомыя некаторыя літоўскія назвы планет – Гаспадар і Батрак. Па ім прадказвалі ўрадлівасць году. Лічылася, што калі першы ўзыйдзе Гаспадар, то год будзе ўрадлівы, а калі Батрак – то не вельмі.

 

 

У этнакультуры захаваліся назвы зорак, сузор’яў і планет. Самае вядомае сузор’е – Вялікую Мядзведзіцу – у нас называлі Воз, Іллёў воз, Чарпак ці Коўш. У Ваўкавыскім раёне імаверна гэтае сузор’е называюць Ваўчыцай. У сузор’і ёсць маленькая зорачка, па якой яшчэ ў старажытнай Грэцыі правяралі зрок.

 

– Лічылася, што гэта маленькая сабачка-сучка прывязаная да суседняй зоркі, і калі яна перагрызе вяроўку, наступіць канец свету, – кажа Цімафей.

 

Цімафей лічыць, што Малую Мядзведзіцу на небе асабліва не вылучалі. Ужо пазней, па аналогіі з Вялікай Мядзведзіцай, пачалі называць яе Малым Возам. У сузор’і Арыёна продкі бачылі найперш тры зоркі, г.зв. “пояс” Арыёна, і называлі сузор’е Тры касцы, Тры сястры, Тры каралі ці Каромысел. Яшчэ ёсць назвы Гроб, Змей, Вуж. Але сказаць зараз, якія гэта былі сузор’і, цяжка. У даўнейшы час людзі вылучалі ў сузор’і толькі некалькі асноўных зорак, цяпер жа сузор’е – гэта пэўны сектар на небе.

 

Зорнае скопішча Плеяды называлі Сітам, Курамі. Венеру называлі Заранкай, Вечарніцай, Ранішняй зоркай, Вячэрняй зоркай, Мар’я і Дар’я, Мілавіцай, а ў некаторых мясцінах – Ведзьмай і Воўчай зоркай. З царкоўнай мовы прыйшла назва Дзянніца.

 

Асноўная крыніца аўтара – старыя людзі і іх сваякі. У гэтым і цяжкасць: хутка будзе немагчыма збіраць веды па этнаастраноміі па прычыне адсутнасці іх носьбітаў. Цімафей заклікае да супрацы ўсіх жадаючых: ён абяцае даслаць спік пытанняў, якія трэба задаць крыніцы.