Перагарэлі ці ўсё ж слабейшыя? “Нёман” буйна прайграў “Юнацтву”

|

Пачатак галам быў пакладзены на чацвёртай хвіліне, калі Андрэй Міхно расстраляў вароты гарадзенцаў. Праз такі ж адрэзак часу мiнчане лiк павялічылi: Пратасеня ўдала сыграў на дабіванні. Ужо да 10-й хвіліны чырвона-чорныя прайгравалі 3:0. Мілашу Голаню прыйшлося ўзяць тайм-аўт для таго, каб сабраць сваю каманду. Дарэчы, да перапынку “Нёман” больш не прапусціў.

 

У другім перыядзе “Юнацтву” атрымалася забіць яшчэ дзве шайбы і зрабіць лiк 5:0. Пяць хвілін у большасці ў канцоўцы перыяду не прынеслі гарадзенцам жаданага поспеху.

 

Толькі ў трэцім перыядзе “Нёман” палепшыў сваю гульню. На 45-й хвіліне атрымалася размачыць лік – вызначыўся Маркоўскі. Але на шайбу гарадзенцаў гаспадары адказалі двума. Вызначыліся Пратасеня і Міхно. Кропку ў матчы паставіў Дадонаў, але яго шайба не дазволіла гарадзенцам пазбегнуць ганебнага паражэння з лікам 7:2.

 

“Юнацтва” – “Нёман” 7:2 (3:0, 2:0, 2:2)

 

Галы:

03.49 1: 0 – Міхно (Радзінскі, Яфіменка)
07.38 2: 0 – Пратасеня (Чэрны, Яфіменка)
09.12 3: 0 – Захараў (Развадоўскі, Туркін)
25.49 4: 0 – Корсо (Чарнаок, Захараў, – бол.)
30.17 5: 0 – Захараў (Туркін, Развадоўскі)
44.32 5: 1 – Маркоўскі
52.58 6: 1 – Пратасеня (бол.)
54.59 7: 1 – Міхно (Парахонько, Пратасеня, – мен.)
58.54 7: 2 – Дадонаў (Ягораў, Маркоўскі, – бол.)

 

 

Пасля гульні Мілаш Голань пракаментаваў паражэнне сваёй каманды:

 

– Папярэджвалі гульцоў, што будзе вельмі цяжкая гульня. У “Юнацтва” было тры паражэнні запар. З самага пачатку стала прыкметна, што супернік хоча перамагчы больш за нас. Мы зрабілі шмат грубых памылак – індывідуальных памылак вопытных хакеістаў. Калі лік стаў 3:0, мы, у прынцыпе, нічога не стварылі ў атацы. Страцілі сёння двух гульцоў. Гэта вялікая праблема. У кожным матчы хакеісты траўміруюцца, нават варатары. Цяжкая сітуацыя, але што рабіць?

 

Перамога над “Нёманам” дазволіла “Юнацтву” абыйсці гарадзенцаў у турнірнай табліцы. Каманда Мілаша Голаня вярнулася на трэцi радок.

 

У аўторак, 8 снежня, “Нёман” у Гродне сустрэнецца з цяперашнім лідарам чэмпіянату – салігорскім “Шахцёрам”.