Прадстаўніца купалаўскага ўніверсітэта стала трэцяй у рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года 2015”

|

Усе ўдзельнікі 9 снежня ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце прадэманстравалі выканаўчы талент і творчыя здольнасці, а таксама высокую эрудыцыю і самае галоўнае – уменне працаваць у камандзе.

 

З усiх студэнтаў журы трэба было выбраць аднаго. Пераможцам стала навучэнка трэцяга курса факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Марыя Марчук. Яе ўзнагародзілі кубкам, дыпломам і пуцёўкай у Стакгольм.

 

Гарадзенка Анастасія Аўсейчык стала трэцяй і таксама атрымала кубак і каштоўны прыз.

 

Дзяўчына адразу пасля конкурсу падзялілася эмоцыямі з “Тваім стылем”:


– Конкурс прайшоў на адным дыханні. Вельмі прыемна было быць часткай гэтага яркага студэнцкага свята. Я вельмі рада, што пазнаёмілася з усімі канкурсантамі. Хацелася б сказаць вялікі дзякуй усім за годнае суперніцтва. Заняць трэцяе месца сярод лепшых студэнтаў краіны для мяне вельмі ганарова. Я вельмі рада такому выніку і таму, што змагла годна прадставіць свой універсітэт і вобласць. Планы на будучыню – вярнуцца ў працоўнае рэчышча, паспяхова здаць сесію, каб дасягнуць новых вяршынь і дамагчыся пастаўленых мэтаў.