Музычны тэатр “Рада” ў Гродне ўзначаліў былы супрацоўнік КДБ
“Белсат” павіншаваў Сяргея Севярына з новаю пасадай ды пацікавіўся, чаму ён гэтак гвалтоўна змяніў сферу дзейнасці. Ад каментароў наконт сваёй папярэдняй карʼеры ён адмовіўся, не стаў распавядаць і пра творчыя планы: яшчэ не паспеў увайсці ў курс справаў.
Патэлефанаваўшы у тэатр, мы даведаліся, што змена кіраўніцтва адбылася “вельмі хутка”. Новага дырэктара прадставіў намеснік кіраўніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандр Вайтуляніс.
Адміністратарка тэатру паведаміла, што Сяргей Севярын прыйшоў “зусім з іншай сферы”, але паколькі час сёння “эканамічна абгрунтаваны”, як дырэктар, гаспадарнік ды менеджар, ён абавязкова ў калектыве прыжывецца. І што немалаважна для кіраўніка, мае юрыдычную адукацыю.
Пакуль мы размаўлялі, Сяргей Севярын знаходзіўся ў бухгалтэрыі, знаёміўся з дакументацыяй. Тут нам распавялі, што раней новы кіраўнік працаваў “у органах”, а чалавек ён “харошы, нармальны, культурны”.
Тэатр “Рада” зрабіў імя на цыганскай вакальна-харэаграфічнай праграме “Гінэ Рома”, таму дагэтуль асацыюецца з гэтай нацыянальнай меншасцю. Хоць у рэпертуары цяпер некалькі праграмаў, у тым ліку казацкая ды беларуская.
З 2008 года тэатр працуе пры гарвыканкаме, які даў памяшканне, дапамагае набываць апаратуру і касцюмы. А папярэднім дырэктарам была кіраўніца “Цэнтру культуры Горадні” Жана Бачкова, якая раней працавала ў гарвыканкаме.
У Гродне гэта не першае прызначэнне на кіраўнічую пасаду ва ўстанову культуры колішніх працоўнікоў сілавых структур.
У 2012 годзе дырэктарам абласнога драматычнага тэатру стаў палкоўнік запасу Ігар Гедзіч. Сюды ён прыйшоў са штабу Заходняга аператыўнага камандавання, дзе быў намеснікам начальніка аператыўнага аддзелу. Пры знаёмстве з творчым калектывам дырэктар тэатру рэзюмаваў: “Ніякіх рэвалюцыяў – толькі эвалюцыя”.
Фота alexberezhnoj.livejournal.com