Фотафакт: У гарадзенскай катэдры адкрылі Браму Міласэрнасці
З мінулага юбілею прайшло толькі 15 гадоў. Розніца з папярэднімі юбілейнымі гадамі яшчэ і такая, што ўпершыню Брамы Міласэрнасці з’явіліся ва ўсім свеце, а не толькі ў Ватыкане. У Гродне брамай стаў галоўны ўваход у Фарны касцёл. Сваю незвычайную функцыю ён будзе выконваць да 20 лістапада 2016 года.
Праходзячы праз гэтыя дзверы, веруючыя могуць атрымаць адпуст або інакш індульгенцыю –дараванне пакарання ў гэтым жыцці за грахі, за якія вернікі ўжо пакаяліся і якія ўжо вызналі ў час споведзі. Гэта значыць, індульгенцыя не адпускае грахоў – з іх усё роўна трэба спавядацца. Такі адпуст можна ахвяраваць за памерлага, які, магчыма, знаходзіцца ў чысцілішчы.
Каб атрымаць адпуст вернік мусіць не толькі прайсці праз Браму, але і паўдзельнічаць у імшы, прыняць Прычасце і памаліцца адмысловымі малітвамі.
У Гарадзенскай дыяцэзіі, акрамя катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, Брамы Міласэрнасці адкрыюцца таксама ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у вёсцы Тракелі, санктуарый Маці Божай Шкаплернай у вёсцы Гудагай і санктуарый Ісуса Журботнага ў гарадскім пасёлку Рось.
Юбілейны Год, па замыслу Папы Рымскага, павінен заахвоціць усіх жыць міласэрнасцю, беручы прыклад з Бога, не судзіць іншых, але заўсёды прабачаць.
Нядзельная імша на 12.00 заўсёды збірае амаль поўны касцёл людзей
Фота Ірыны Новік