Першы снег прымусіў спыніцца кіроўцаў на М6 i не дазволіў падрыфтаваць аматарам экстрыму
– Са Шчучына да Гродна, я ехаў больш за гадзіну, месцамі прыходзілася скідаць хуткасць да 40 км/г. Сярэдняя хуткасць была прыкладна 60-70. Вельмі шмат людзей стаялі на запраўках і каля Скідзеля, бо чакалі калi пройдзе снегапад, – распавёў кіроўца Зміцер.
Траса М6 каля Шчучына
Былі і тыя, у каго ламаліся шчоткі, таму ім даводзілася ехаць вельмі павольна.
Кіроўца Іван кажа, што бачыў на трасе толькі дзве ўборачныя машыны.
– У 21.00 я ехаў 70 км/г, бачнасць была вельмі дрэнная, месцамі было вельмі слізка. Сустрэў толькі дзве машыны, якія ехалі з боку Гродна і пасыпалі дарогу. ДТЗ не бачыў, але відавочцы распавядалі, як некалькі машын разварочвала на трасе.
Першы снег расчараваў аматараў экстрыму. Надвор’е мела даць добры шанец выпрабаваць новую гуму. Смельчакі выехалі на адмысловую пляцоўку ля Азота і спрабавалі трохі падрыфтаваць. Але ў выніку вадзіцелі пашкадавалі, бо снег імгненна пачынаў раставаць.
– Думалі, што будзе нармальна, але не выйшла. Нам проста хацелася паслізгаць і пару разоў паразварочвацца для ўзняцця настрою. Але мокры асфальт нам не дазволіў. Лішні раз гуму мы не сталі драць, – расказаў Зміцер.