Служэнне Беларусі пачала ў Гродне. У музеі Багдановіча прэзентавалі зборнік успамінаў і лістоў Зоські Верас

|

Нагодай для сустрэчы стала 124-я гадавіна з дня нараджэння Максіма Багдановіча, блізкага сябра Зоські Верас, а таксама прэзентацыя кнігі “Пакуль пяро рука трымае” з упамінамі і лістамі паэткі, укладзенай Міхасём Скоблам. Кніга выйшла ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” ў выдавецтве “Лімарыус”.

 

Даўно літаратурныя сустрэчы ў Гродне не праходзілі ў такой цёплай атмасферы. Ва ўтульнай гасцёўні музея сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, сярод іх тыя, хто перапісваўся з Зоськай Верас, або ведаў яе асабіта: Аляксей Пяткевіч, Мікола Таранда, Алесь Госцеў, Марына Загідуліна. Завітала на вечарыну шматгадовы дырэктар і заснавальнік музея паэтка Данута Бічэль.

Вечарына пачалася з чытання вершаў Максіма Багдановіча а таксама з кароткай фотавандроўкі па мясцінах, звязаных з асобай Зоські Верас у Гродне, якую правёў гісторык Андрэй Вашкевіч (стаіць на фота вышэй). Ён упершыню паказаў фотаздымкі дома па вул. Гараднічанскай, 14, на мансардзе якога разам з маці ў пачатку 1910-х гг. жыла Людвіка Сівіцкая. Тут адбываліся паседжанні першага гродзенскага гуртка беларускай моладзі, ставіліся пастаноўкі, быў надрукаваны першы гродзенскі беларускі альманах “Колас беларускай нівы”. Сёння гэты дом не існуе, яго знеслі ў 1970-х гг. і цяпер на яго месцы знаходзіцца стаянка за гродзенскім аблвыканкамам.

 

“Сёння адбываецца своеасаблівы рэненанс цікавасці да творчасці Зоські Верас”, – сказаў Міхась Скобла. У 2013 годзе выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” надрукавала кнігу Зоські Верас “Я помню ўсё”, а ў 2015 годзе выйшла адразу два тамы – “Пакуль пяро рука трымае” і “Выбранае” ў серыі “Беларускі кнігазбор”.

 

Друкаваць ёсць чаго. У цяжкія пасляваенныя гады, калі ні да якіх міжваенных газет просты чалавек не мог дабрацца, бо ўсе яны ляжалі ў спецсховішчах, Зоська Верас пачала ствараць своеасаблівую рукапісную беларускую энцыклапедыю. Яна адказавала лістамі ўсім, хто цікавіўся беларускай гісторыяй і літаратурай. З некаторымі асобамі яна мае перапіску ў трыста і больш лістоў.

Зоська Верас гадамі захоўвала памяць пра ўсіх, хто загінуў у сталінскіх лагерах, сядзеў за Беларусь у польскіх турмах або быў забіты фашыстамі. Цягам свайго доўгага жыцця Зоська Верас была быццам злучвом паміж пакаленнем першых беларускіх актывістаў, тых, што абвяшчалі незалежнасць у 1918 г., і тымі, хто абвесціў незалежнасць Беларусі ў 1991 г.

 

Праз хатку Зоські Верас у Панарскім лесе ў Вільні прайшлі сотні вядомых цяпер беларускіх гісторыкаў, літаратараў, мастакоў, грамадскіх актывістаў. Кожны знаходзіў у яе ўспамінах, парадах ды гістарычных зборах нешта цікавае для сябе.

 

Аляксей Пяткевіч: «Яна была чорнарабочай грамадска-культурнага руху»

 

Чаго толькі варты батанічны слоўнік, укладзены Зоськай Верас. Як вялікая аматарка пчалярства і збірання зёлак, яна асабліва ўважліва сачыла за тым, ці карыстаюцца беларускія пісьменнікі аўтэнтычнымі назвамі беларускіх раслін, заўсёды пісала ім пра тое.

 

Міхась Скобла таксама адзначыў, што Зоська Верас пакінула па сабе след не толькі як беларуская дзяячка, але і проста як чалавек вялікай душы. У міжваенныя гады яна капейкай памагала беларускім дзеячам, якія выходзілі з польскіх турмаў (і тыя, дарэчы, не заўсёды плацілі ёй удзячнасцю ўжо ў савецкі час), фактычна выратавала падчас фашысцкай акупацыі яўрэйскую перакладчыцу, даўшы ёй магчымасць выехаць з Вільні па сваім пашпарце.

Зоська Верас брала ўдзел у Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 г., выдавала ў Вільні 1920-х гг. газеты Беларускай Сялянска-Рабочай грамады і зрабіла яшчэ вельмі шмат, але зерне беларушчыны было пасеяна ў яе душы менавіта ў Гродне. Пра гэта ў час свайго выступлення сказаў прафесар Аляксей Пяткевіч (стаіць на фота вышэй), да якога ў пачатку 1970-х гг. прыязджала Зоська Верас. Дзякуючы ёй, а таксама такім асобам як ксёндз Грынкевіч, Адам Бычкоўскі, Адольф Зянюк і Павел Аляксюк Першы Гарадзенскі гурток беларускай моладзі заняў пачэснае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Гродне і ўсёй Беларусі.

 

Фота Яна Лялевіча