Замест цацак – ахвяраванні. Гарадзенскі “Нёман” запрашае на дабрачынны матч

|

У канцы кожнага года хакейны “Нёман” імкнецца рабiць сваім заўзятарам падарункі. У гэтым годзе такім падарункам стане традыцыйны дабрачынны матч, дзе супернікам чырвона-чорных стане вядомы гарадзенскі аматарскі клуб “Авангард”.


Калі ў папярэднія гады ўваходным квітком на матч была мяккая цацка, то ў гэтым годзе за ўваход трэба будзе даць ахвяраванне ў 20 тысяч рублёў. Арганізатары палічылі, што лепш дапамагчы дзецям грашыма, чым цацкамі. Усе выручаныя грошы пойдуць на дапамогу дзіцячаму хоспісу.

На леташнім дабрачынным матчы

 

У фае Лядовага палаца кожны зможа зрабіць некалькі прафесійных фатаграфій у спецыяльных фотазонах. Таксама ўсе жадаючыя змогуць сфатаграфавацца з хакеістамі “Нёмана”. Акрамя фотаздымкаў, заўзятараў пацешаць песні і танцы ад калектываў горада. У перапынках паміж перыядамі пройдуць конкурсы з падарункамі ад спонсараў. Уся праграма, як абяцаюць арганізатары, поўная сюрпрызаў і нечаканых паваротаў.

 

Дабрачынны матч адбудзецца 28 снежня. Пачатак у 17.30.