У Гродне заклалі камень у будаўніцтва другога “разумнага” дома

|

Праектаванне і будаўніцтва энергаэфектыўнага дома новага пакалення ў Гродне будзе весціся ў межах праекта Праграмы развіцця ААН і Глабальнага фонду навакольнага асяроддзя “Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца ў 2012-2016 гадах. Праект аплачвае праектна-каштарысную дакументацыю і ўсё энергазберагальнае абсталяванне, якое будзе выкарыстана ў доме. Астатнія працы фінансуе забудоўшчык – ААТ “Гроднажылбуд”.

У якасці асноўных крыніц цеплазабеспячэння для новага аб’екта выступаюць энергія зямлі, сонца і нават сцёкавых вод. Удалае размяшчэнне дому побач з гарадскім каналізацыйным калектарам дазволіць выкарыстоўваць цяпло сцёкаў. З дапамогай цеплавых помпаў і энергаэфектыўных парожніх паляў плануецца, выкарыстоўваючы цяпло зямлі, забяспечыць падагрэў вады для бытавых патрэб. Таксама нагрэў вады будзе ажыццяўляцца за кошт шэрых сцёкаў самаго дома. У якасці рэзервовай крыніцы цеплазабеспячэння запланаваны штатны цеплавузел. Зрэшты, чакаецца, што дом самастойна зможа пакрыць свае патрэбы ў цяпле ў ацяпляльны сезон. Акрамя таго, на даху дома і на фасадзе з паўднёвага боку ўсталююць больш за 300 фотаэлектрычных модуляў, якія дазволяць пераўтварыць у электраэнергію энергію сонца.

На ўрачыстай цырымоніі выступілі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дзяшко, намеснік пастаяннага прадстаўніка праграмы развіцця ААН у Беларусі Кацярына Панiклова i старшыня Гродзенска гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Першы “разумны” дом у Гродне

 

Першы праект, які быў рэалізаваны ў 2009 годзе, ужо паспеў даказаць сваю карыснасць, перш за ўсё, дзякуючы павышэнню супраціву цеплаперадачы агароджваючых канструкцый і ўкараненню рэкуперацыі ў сістэме вентыляцыі. Але спецыялісты адзначаюць, што новы дом павінен стаць яшчэ больш энергаэфектыўным.

 

У 2017 годзе праект будзе рэалізаваны, кватэры паступяць у свабодны продаж.

 

Усяго па краіне павінна быць пабудавана тры такіх будынкі – у Мінску, Гродне і Магілёве. Гарадзеншчына першай прадаставіла месца для будаўніцтва дома. Фінансаванне праекта па лініі ГЭФ/ПРААН складе 4,9 млн долараў.