Лунна – аграгарадок з местачковай гісторыяй і турыстычным патэнцыялам

Паколькі большасць старых мястэчак былі і застаюцца цяпер сядзібамі калгасаў, дык цяпер ім пачалі прысвойваць ганаровую назву “аграгарадкоў”. Гэта мала што змяніла ў выглядзе пабураных вайною мястэчак – хіба што дадаліся адна-дзве новыя вуліцы з тыпавымі домікамі для вясковых працаўнікоў. А так выгляд звычайны – сквер з помнікам салдатам-вызваліцелям на былой гандлёвай плошчы, тыпавы дом культуры, і добра калі ацалелыя з даваенных гадоў касцёл ды царква.

 

У бліжэйшых ваколіцах Гродна засталося ўсяго адно мястэчка, якое амаль цалкам ацалела з апошняй вайны. Гэта Лунна ў Мастоўскім раёне. Толькі ў Лунне можна пабачыць дзясяткі даваенных камяніц з жоўтай цэглы, некаторыя з якіх сваёй дэкаратыўнасцю зрабілі бы гонар і для Гродна. Каля такіх камяніц стаяць яшчэ дзе-нідзе былыя драўляныя крамкі.

 

Сёння ўся прыгажосць старога Лунна знікае. Дамы тынкуюцца, фарбуюцца ў розныя яскравыя колеры, устаўляюцца шклопакеты. Не засталося амаль старых прыгожых дзвярэй, іх замяняюць металічнымі, закладаючы рэшту дзвярных праёмаў пенаблокамі. Навокал праваслаўнай царквы, проста каля яе сцен, там, дзе павінны хадзіць хросны ход, стаяць нейкія цяжкія грузавікі.

 

Між тым Лунна мае вялікі турыстычны патэнцыял. Не толькі таму, што добра захавалася. Мястэчка знаходзіцца на трасе ў бок Брэста і Белавежскай пушчы, каля яго штогод праязджае шмат аўтобусаў з польскімі турыстамі, што завітваюць на магілу паўстанцаў у Мінявічах і ў Багатырэвічы, дзе правяла шмат часу Эліза Ажэшка і дзе знаходзяцца магілы апетых ёю Яна і Цэцыліі. У Лунненскім касцёле ёсць нават ложа Элізы Ажэшкі.

 

З Лунна таксама выйшлі многія вядомыя ў яўрэйскім свеце асобы, ацалелі вялікія цікавыя яўрэйскія могілкі. Калі б улады Мастоўскага раёна і хацелі стварыць у сваім раёне аб’ект, які б зрабіў для іх вялікі імідж і гонар, дык хутка б уключылі Лунна ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны і паспрабавалі яго музеефікаваць. Пакуль гэта можна зрабіць адносна невялікімі высілкамі, але з кожным годам становіцца ўсё цяжэй.

 

Ніжэй невялікая вандроўка па восеньскім Лунне.