“Капаў, капаю і буду капаць”. У Беларусі хочуць пазбавіць хобі аматараў даўніны

Аматары даўніны адзначаюць, што праз гэтае новаўвядзенне можа не толькі сысці ў цень прыборны пошук [з металашукальнікам]. Гэта можа прывесці да вывазу з Беларусі прыватных нумізматычных, фалерыстычных і іншых калекцый. Усё гэта можа стаць прычынай непапраўных наступстваў у галіне гісторыі і музейнай справы.

 

Аматары прыборнага пошуку лiчаць, што яны не з’яўляюцца парушальнікамі закона. Яны, як і ўсе захопленыя людзі – рыбакі, паляўнічыя, спартыўныя заўзятары – маюць сваё маленькае хобі, якому аддаюць вольны час, дастаючы з зямлі рэчы з даўно мінулых дзён. Праляжаўшы ў глебе яшчэ дзясятак гадоў, яны і так сыдуць у нябыццё. Многія дзяржаўныя музеі папоўнілі свае экспазіцыі і запаснікі знаходкамі менавіта гэтых людзей.

 

Пра новы ўказ “Твой стыль” пагаварыў з аматарамі прыборнага пошуку з Гродна.


Віктар, супрацоўнік ЖКГ

 

– Лічу, што гэта паўнейшы маразм. Капаў, капаю і буду капаць. На археалагічныя аб’екты не лезу, курганы і магілы не чапаю, па вайне не капаю. А на паханым-перапаханым полі за сапрэлай манеткай? Ну гэта ж маё хобі. Засталося мне забараніць хадзіць на рыбалку, паляванне, ды і наогул проста хадзіць па зямлі.

 

Шчыра, за ўвесь час, праведзены з металадэтэктарам, гэта стала ўжо чымсьці большым за хобі. Дзякуючы гэтай справе, я зацікавіўся гісторыяй сваёй краіны, сваёй мясцовасці. А забарона на абарот артэфактаў толькі зашкодзіць, бо ўсё пойдзе праз інтэрнэт-пляцоўкі іншых краін, хутчэй за ўсё Расіі.


Уладзімір, мастак

 

– Я ніколі не капаў дзе нельга і заўсёды выносіў з поля 2-3 кішэні, а то і поўную сумку смецця. Дзе капаў, заўсёды за сабой ямкі закопваў.

 

Наконт таго, што зямля стала, так бы мовіць, больш кіслотнай – гэта факт. Я не раз знаходзіў манеты савецкага перыяду, якія ў руках проста рассыпаліся. Пройдзе зусім няшмат часу і знаходак проста не будзе. Не таму, што іх нехта выцягне з зямлі, а таму што яны проста раскладуцца на элементы. Мы маглі б даць ім другі шанец на жыццё.


Мечыслаў, майстар па дрэве

 

– Законам будзе забаронена нават захоўваць прыватным асобам старадаўнія рэчы. Па-першае, гэта гучыць абсурдна. Па-другое, у такім выпадку пад артыкул падпадаюць дзясяткі тысяч калекцыянераў даўніны. Увесь цырк з прыняццем закона заключаецца ў тым, што дзяржава, загадзя ведаючы, што закон будзе парушацца паўсюдна, вырашыла папоўніць казну за кошт штрафаў і канфіскацый.

 

Аляксандр, працоўны друкарні

 

– Стаўлюся да закона адмоўна і зусім не таму, што ўжо гадоў пяць гэта маё хобі, а перш за ўсё таму, што дзяржава, прыняўшы прававую норму, пайшла па шляху найменшага супраціву – прасцей забараніць, чым разбірацца. Але забарона прывядзе толькі да аднаго – значная частка артэфактаў сыдзе з рэспублікі назаўсёды. Не варта таксама забываць, што любы знойдзены артэфакт рана ці позна трапляе ў навуковы абарот і становіцца здабыткам народа. Больш за тое, нармальнае супрацоўніцтва скарбашукальнікаў і афіцыйнай навукі адназначна будзе на карысць апошняй. Самае сумнае для мяне – забаранілі, а заняцца зараз чым у вольны час? Гэта ж і разрадка ад працы, і выдатная фізічная трэніроўка, ды і проста – выдатная магчымасць падыхаць свежым паветрам.

 

Зараз аматары гісторыі збіраюць подпісы для таго, каб прэзідэнт перагледзеў Указ №485 аб археалагічных артэфактах. Для гэтага была створана інтэрнэт-петыцыя.