У Гродне пакажуць фільмы фестывалю незалежнага кіно Bulbamovie

|

Мэта фестывалю – папулярызацыя i распаўсюджванне сучаснага беларускага кіно. Варта адзначыць, што ўсе фільм, якія пакажуць у Гродне, былі таксама прадстаўлены на сёлетнім фестывалі “Лістапад”.

 

Спіс фільмаў:


“Адной крыві” (маст., 15 хв., рэж. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў), прыз “Залатая бульба”, гран-пры гледачоў

 

Адзін — памяркоўны, другі — шалёны. Адзін — адказны, другі — рашучы. Яны браты. Але чаго вартае тое братэрства ў свеце татальнага супрацьстаяння? І праз якія выпрабаванні трэба прайсці, каб зразумець адзін аднаго? Выбуховая сацыяльная драма з нечаканым фіналам.

 

“Пасха Хрыстова” (дак., 13 хв., рэж. Дар’я Юркевіч), прыз “Залатая бульба”

Свята ў сэрцы, свята ў душы. Што з ім рабіць? І што яно робіць з намі? На Вялікдзень народ цягнецца да невялічкай царквы на ўскраіне Мінска. Народ розны. І свята таксама рознае. Амаль рэпартажная і адначасова вельмі стылёвая — чорна-белая паштоўка з глыбіні беларускай падсвядомасці.

 

“Кансьерж” (маст., 9 хв., рэж. Робэрт Сэнэка), прыз “Бронзавая бульба”

У гэтым доме ўсё залежыць ад канкрэтнай адказнай асобы. Вельмі канкрэтнай. Вельмі адказнай. І вельмі спрэчнай. На яе месца нібыта хапае прэтэндэнтаў. Але хто яны, і як з імі пазнаёміцца наіўнаму жыхару з трэцяга паверха?

 

“Пугач” (маст., 12 хв., рэж. Сяргей Каласоўскi), спецпрыз за лепшы гук

Дзяцінства — не шчасце, а праблема. Асабліва калі на двары змрочныя 1990-я, ты граеш на флейце, а насустрач валяць сур’ёзныя пацаны з сур’ёзнымі прапановамі. Адмовіцца сорамна, пагадзіцца праблемна… Драматычнае падлеткавае рэтра пра вайну за каляровыя жуйкі.

 

“Амэрыкан бой” (маст., 25 хв., рэж. Мікіта Лаўрэцкі), другі прыз гледачоў

Варта адвучыцца ў Амерыцы, каб зразумець, што вяртацца няма куды: горад амаль непазнавальны, сяброўкі амаль чужыя, а лепшы сябар збірае выявы былога Мінска і выдумляе саўндтрэкі да прахадных двароў. Мы побач, але ці разам?

 

“Беларусь якая” (маст., 25 хв., рэж. Улада Сянкова і Святланa Сакалоўская), трэці прыз гледачоў.

Простыя пытанні — самыя складаныя. Напрыклад, Беларусь — яна якая? Настаўніца запыталася — а ты адказвай сабе, як хочаш. Хлопчык шукае Беларусь на вуліцах Мінска, сярод хіпстэраў, турыстаў, вулічных музыкаў, маляўнічых мінакоў і дасведчаных спажыўцоў піцы. Ці атрымаецца скласці з гэтага выяву краіны?

 

Пасля кінапрагляду абавязкова будуць гутаркі пра кіно.

 

Далучайцеся  у кантакце і фэйсбуку.