З-за лішняга свету на Савецкай плошчы гарадзенцы не змаглі пабачыць калядны 3D-мэпінг

Сотні гарадзенцаў на Раство засталіся без падарунка. На запланаваным паказе 3D-мэпінгу ў цэнтры горада яны так і не дачакаліся абяцанай казкі.


Жыхароў горада запрасілі на Савецкую плошчу 25 снежня ў 19.30 на своеасаблівы кароткаметражны фільм, экранам для якога павінен быў стаць фасад Палаца тэкстыльшчыкаў. Але на самой справе праекцыя не адбылася ў прызначаны час і нават праз паўгадзіны не пачалася. Гледачам нічога не тлумачылі.

– Мы прыехалі з сынам з Фолюша спецыяльна на гэтае мерапрыемства. Мы прастаялі 40 хвілін, але больш не маем намеру стаяць. Абражаныя і прыніжаныя, хоць бы нешта нам сказалі. І гэта такі падарунак на свята! Пойдзем у касцёл і паедзем дадому, – распавяла гарадзенка.

 

Але асноўная маса людзей вырашыла чакаць да апошняга. Паўсюль чуваць было свіст і крыкі. Дзеці тым часам сталі выбягаць да палаца, а потым і нехта нават запусціў невялікі феерверк, каб хоць неяк пацешыць публіку.

Гарадзенцы за той час, які стаялі на плошчы, не раз паспелі правесці флэшмоб з дапамогай экранаў тэлефонаў

 

Толькі праз 50 хвілін пасля прызначанага часу ўключыўся гук і з’явіліся першыя фрагменты на будынку. Але тое, што было паказана цягам чатырох хвілін, яшчэ больш знервавала гарадзенцаў.

– І гэта ўсё? Дзеля гэтага нам з сям’ёй варта было змяняць святочны стол? Дзякуй за такі падарунак! Сорамна павінна быць, зладзілі, называецца, святочны паказ, – сказаў гарадзенец Герман Аляксандравіч.

 

Гараджане сталі разыходзіцца, хоць ім абяцалі яшчэ некалькі паказаў.

 

Як высветлілася, галоўная праблема была ў святле. “Гарсвет” не выключыў вялікі экран на плошчы, а таксама навагоднюю ілюмінацыю. Менавiта з-за лішняга святла на будынку не атрымалася паказаць нічога канкрэтнага. Пра гэта пасля паказу расказаў яго арганізатар Андрэй Сільвановіч.

Дызайнерская студыя AliveLight не першы раз ладзіць паказы перад гарадзенскай аўдыторыяй. На 9 траўня яны паказалі якасны мэпінг, вось толькі таксама са спазненнем больш за 30 хвілін. Падобная сітуацыя была і з паказам на сценах пажарнай вежы. Але ў параўнанні са снежаньскім паказам, там было на што паглядзець.


Фота аўтара, відэа Ірыны Новiк