Снег і дождж ім не перашкода: гарадзенскія вулічныя музыкі не плануюць сыходзіць на зімоўку
Андрэй – студэнт. Яшчэ літаральна месяц таму разам з сябрам ён кожны вечар граў у скверы ля Савецкай плошчы. Як кажа – перадусім для сябе. Апошнім часам новым сталым месцам стаў для іх брук каля ЗАГСа.
– Дзяўчатам музыка падабаецца, у скверы бывала падыходзілі і падпявалі. Калі шанцуе, трохі нават зарабляем. У сярэднім, каля 150 тысяч рублёў за чатыры гадзіны. З прыходам халадоў яшчэ не ведаю чым будзем займацца, магчыма працягнем граць. У нашай справе галоўнае каб струны не рваліся.
Алег і Яўген музыкі ўжо вопытныя, ім давялося граць у многіх гарадах не толькі Беларусі, але і Расіі.
– Мы, як і ўсе прыстойныя людзі, працуем. Збор у нас пачынаецца ў 10 раніцы ў пераходзе. Пачынаем там, пакуль ёсць людзі. Бліжэй да абеду накіроўваемся ў цэнтр, дзе граем да вечара. Мароз нас не палохае, а тое, што струны будуць рвацца, дык гэта працоўныя моманты. Адна такая струна каштуе пяць тысяч рублёў, – распавядае гітарыст Алег.
А вось у скрыпача Яўгена зімой могуць паўстаць самыя сапраўдныя цяжкасці. Струны на скрыпку ў Гродне практычна не знайсці.
– Алегу добра, для гітары ў горадзе можна знайсці ўсё. Мне з пошукам значна цяжэй. У Гродне можна знайсці толькі за 100 долараў цэлы камплект струн на скрыпку. А навошта мне гэта, калі ў мяне ўся скрыпка столькі каштуе. Прыйдзецца круціцца, каб выжыць.
Паводле хлопцаў, лепшае месца для вулічных музыкаў – Масква, бо там можна зарабіць нармальныя грошы. Найгоршае месца – Мінск, бо там міліцыя не дае вулічным музыкам зарабіць наогул.
За дзень музыкi ў Гродне зарабляюць прыблізна па 200 тысяч рублёў. Усе грошы адразу ж ідуць у росход: струны, цыгарэты і харчаванне.
У апошні час хлопцы часцей сталі гуляць беларускую музыку. А ў святочныя дні падарункам для гараджан стане выкананне новых песень. Вось адна з іх: