Першае судзейства, мноства пазітыву і добрыя падарункі: у Гродне прайшоў дабрачынны хакейны матч

|

Паглядзець у гэты святочны вечар было на што. Перадусім можна было пагутарыць і сфатаграфавацца з хакеістамі “Нёмана”. А яшчэ перад матчам прайшоў міні-канцэрт, на якім выступілі прадстаўнікі дзіцячага хоспіса. Для ўсіх жадаючых працавалі спецыяльныя фотазоны.

 

На лёдзе таксама было цікава. Перад самым паядынкам выступілі дзяўчыны з групы падтрымкі Iceberg.

Потым на лёд выйшлі дзве мясцовыя дружыны: па адзін бок дасведчаны “Нёман”, па другі – аматарскі клуб “Авангард”. Шчыра сказаць, па гульні аматары не саступалі тытулаванай камандзе.

Судзіць супрацьстаянне даручылі галоўнаму трэнеру хакейнага “Нёмана” Мілашу Голаню. Спецыяліст з задачай справіўся вельмі добра, хоць і судзіў упершыню ў жыцці. Акрамя выдатнага судзейства, чэх прадэманстраваў і сваё майстэрства, эфектна выбіўшы ўсе мішэні на варотах.

Па выніку двух перыядаў, якія доўжыліся па 15 хвілін, была зафіксавана баявая нічыя. Далей да гэтых галоў налічваліся балы, заробленыя хакеістамі ў розных конкурсах, а вынік матчу падвяла серыя булітаў. Там удача была на баку “Авангарда”. У выніку 10:8 на карысць аматараў.

Пасля матчу прайшло традыцыйнае ўзнагароджанне лепшых і ўручэнне розных сертыфікатаў прадстаўнікам дзіцячага хоспіса. Афіцыйнае мерапрыемства скончылася агульным здымкам і запускам усіх жадаючых на лёд. Там кожны мог сфатаграфавацца і пагутарыць з любым хакеістам.

Адданыя заўзятаршы нават уручылі сваім любімым хакеістам іх партрэты.