Трэнер “Нёмана” Мілаш Голань павіншаваў гарадзенцаў з Новым Годам і расказаў пра планы на студзень
Чэшскі спецыяліст расказаў, што да гэтага матчу ў ролі суддзі яму ніколі не даводзілася быць. У Гродне адбыўся самы сапраўдны дэбют.
– Як бачыце, нядрэнна атрымліваецца. Вы, напэўна, заўважылі, што я без шлема. Я прафесіянал. Калі пачынаў гуляць у НХЛ у 1993 годзе, суддзі каталіся менавіта так.
– Як вам дабрачынны матч у Гродне?
– Добрае мерапрыемства, вельмі прыемна прымаць у ім удзел. Дзякуй усім людзям, хто стараўся зрабіць свята. Што тычыцца суперніка “Нёмана”, то адзначу, што “Авангард” – добрая каманда. Бачна, што некаторыя хлопцы займаюцца хакеем і нядрэнна гуляюць. Думаю, гэта выдатна, што каманда можа згуляць на такім свяце.
– А як у вас на радзіме адбываюцца падобныя матчы?
– У Чэхіі на такія святы ходзіць больш людзей, бо робіцца вельмі шмат рэкламы. А за акіянам на такія дабрачынныя гульні прыходзіць па 17 тысяч чалавек! Уявіце, што там адбываецца. Нам ёсць да чаго імкнуцца.
– Чаго варта чакаць заўзятарам пасля святочнага перапынку?
– У студзені ў нас будуць вельмі напружаныя і цяжкія гульні. Шчыльны графік: за 17 дзён трэба будзе згуляць 8 гульняў. Спадзяемся толькі на станоўчы вынік. Галоўнае – трапіць у першую тройку, каб ужо ў плэй-оф выступаць як хатняя каманда.
Таксама галоўны трэнер праявіў ініцыятыву і вырашыў павіншаваць гарадзенскіх заўзятараў з надыходзячым Новым годам.
– Хачу павіншаваць усіх заўзятараў нашай каманды, а таксама ўсіх жыхароў горада Гродна з надыходзячым Новым Годам. Усім жадаю поспехаў, шчасця, і, вядома ж, на першым месцы – здароўя.