“У нас што ні зробіш – будзеш першым”. Максім Жбанкоў пра беларускае кіно, Bulbamoviе і кінаадукацыю
Чаму ў назве “бульба”
На пытанне пра назву фестывалю і суадносіны ў ёй жартоўнасці (ці скептыцызму?) з сур’ёзнасцю, Максім адказвае таксама пытаннем: “Слова “moviе” некага можа пакрыўдзіць? Ці трэба было скарыстаць “кінчык” – такі “нармальны” зрабіць падыход? Калі хто кажа “бульбаш” – лічу гэта крыўдай і прыніжэннем нацыянальнага гонару”. Што да “бульбы”, то гэта, на думку Максіма, найперш “не забароненае слова”, а па другое – з’яўляецца добрым неперакладальным маркерам Беларусі. І менавіта неперакладальнасць адразу дае важны знак замежным гледачам: “Гэта не тое, што вы ведаеце – не рускія са знакам якасці, не польскія студэнцікі, якія тут навучаюцца быць польскімі кінарэжысёрамі, а гэта – Bulbamoviе. Так, гэта дзіўны мікс. Але хіба ў нашай краіне вас нічога не здзіўляе? Таму назва абсалютна адэкватная. Я прынамсі тут крыўды для сябе не бачу”.
Пра “беларускасць” кіно з Bulbamoviе і запатрабаванасць “беларукасці” за мяжой
Пра беларускасць кіно, паводле Максіма Жбанкова, могуць сведчыць як простыя пазнавальныя маркеры “ўзроўню вышыванкі”, так і пазнавальнасць на ўзроўні нацыянальнай ментальнасці: “Ад таго, што польскі рэжысёр здымае фільм у Галівудзе, ён не перастае быць польскім”.
Таксама ён адзначыў важнасць аўтарскага ўмення паказаць сітуацыі зразумелыя і пазнавальныя ў любой краіне, бо кіно ўплывае на свядомасць гледачоў і за геаграфічнымі межамі краіны. Максім лічыць, што нават паказваючы абсалютна ўніверсальныя жыццёвыя сітуацыі, аўтары ўсё роўна дэманструюць беларускі кантэкст: “Адносіны ў сям’і, стасункі з уладай, культурнай традыцыяй і мовай – сюжэты ўніверсальныя, але ў нас яны маюць сваю спецыфіку”. Але беларускімі стужкі робіць не толькі ўжываны час ад часу маркер беларускай мовы. “Тут важней высата перажывання праблем, сугучных усім, і тое што яны складаюць зараз беларускую павестку дня. Гэта абсалютна “тутэйшая” прадукцыя, пра тое, што тут баліць. А факт, што гэта баліць некаму яшчэ – таксама абсалютна нармальны”.
Кінакрытык Максім Жбанкоў, прадстаўнік беларускай часткі арганізатараў фестывалю і адзін са сталых членаў журы, і Наталля Бружнік, кіраўнік праекта ў рэгіянальных гарадах, на дыскусіі пасля паказу ў Гродне
Незалежная культура не “за” і не “супраць”
Разважаючы пра сутнасць Bulbamoviе, Максім падкрэслівае, што гэта найперш фэст стартаў, мэта якога – даць магчымасць новым аўтарам выказацца, даць ім пляцоўку і забяспечыць па магчымасці нейкі еўрапейскі рэзананс. Таму не варта ставіцца да фестывальных фільмаў, як да стужак Сцівена Спілберга – гэта стужкі не тых сітуацый і магчымасцей. Але сам факт, што фестываль адбываецца, сведчыць, што па-за сістэмнае кіно “паўстае проста само па сабе” і што на нашых вачах фарміруецца новая незалежная культура.
“Мы звычайна блытаем незалежную культуру з культурай апазіцыйнай. А іх не трэба блытаць, бо незалежная культура – не культура “за” ці “супраць”. Гэта культура аўтарскіх поглядаў, культура адкрытых пытанняў. Тое, што яны не даюць дакладных адказаў, гэта вельмі істотна, бо менавіта так ідзе адбудова новай культурніцкай прасторы, як прасторы адкрытай, каторая ў пэўным сэнсе і ёсць альтэрнатывай сённяшняй сітуацыі ў культуры, калі ўсё падзелена, распісана і пакладзена на свае палічкі. Незалежная культура – гэта культура пошуку”.
Што хацеў сказаць аўтар…
Распавядаючы пра магчымую “незразумеласць” для гледачоў фестывальнага кіно, Максім узгадаў пра розныя спосабы расказваць кінагісторый. Можна, як у амерыканскім камерцыйным кіно, зняць фільм, дзе разуменне ўкладаецца ў галаву гледача з пэўнасцю “апошняга стрэлу ў галаву”. Але ёсць і іншая стылістыка, дзе яўнага фіналу альбо няма, альбо ёсць некалькі варыянтаў заканчэння – на выбар. “Гэта тое, што завецца, напрыклад, артхаўсам. Калі аўтару цікава паказаць не канкрэтныя рэчы, а пэўны зрэз сваёй свядомасці, пэўны шлях перажывання рэчаіснасці”.
Максім зазначае, што яму гэты падыход падабаецца наяўнасцю аўтарскай праўды і пазнавальных рысаў сучаснасці: “У некаторых фільмах я бачу гэты змрочны настрой посттаталітарнай безнадзейнасці, гэту ідэю штучнасці і несапраўднасці таго, што ёсць. Вось гэтыя маркеры пазнавальныя, у гэтым ёсць свая аўтарская праўда. Бо аўтар можа дзяліцца з намі не толькі сваёй яснасцю, але і сваім сумневам, сваім адчаем, сваёй безнадзейнасцю – гэта таксама права аўтара. Інакш кажучы, ён мае права памыляцца”.
Хто першы, хто лепшы – крытэрыі выбару пераможцаў
Пра перспектыўнасць і запатрабаванасць кіно, якое патрапляе на Bulbamoviе, Максім адказвае мовай лічбаў: сёлета было падана 74 заяўкі, першасны кантроль прайшлі 22 стужкі, з якіх і выбіралі пераможцаў. Для параўнання, у першым фестывалі ўдзельнічала толькі 15 фільмаў. Эксперт лічыць, што ёсць не толькі колькасны, але і якасны прарыў.
Задачай журы, па словах Жбанкова, было выбраць “перадусім актуальнае беларускае кіно”. Пры гэтым Максім тлумачыць, што само паняцце актуальнасці для журы таксама мела розныя вымярэнні – тэма, стылістыка, здольнасць агучыць нейкі мэсэдж, сугучнасць агульнаму стану наяўнай візуальнай культуры. “Мы адбіралі не бездакорнае, бо ўсе фільмы не бездакорныя, мы адбіралі істотнае. Так, як мы гэта разумелі. Мы арыентаваліся на паслядоўнае аўтарскае выказванне, зробленае тут і зараз”.
Паміж прафесіяналамі і дылетантамі
Пакрэсліваючы, што аўтары фільмаў не з’яўляюцца прафесійнымі рэжысёрамі ці аператарамі, Максім Жбанкоў зазначыў, што бачыць у гэтым значныя перспектывы, бо “любая культурная інавацыя пачынаецца як праца дылетантаў, праца прафанаў, як тое, што ляжыць па-за канонамі”. Цалкам чакана, што гэтыя фільмы могуць выклікаць вельмі розную рэакцыю, у тым ліку крытыку і нязгоду, але трэба зразумець, што “ў нас з’яўляецца тая палітра кіношных стыляў, каторых раней не было”.
Найважнейшымі Максім лічыць змены ва ўяўленні пра беларускае кіно, што раскрылася зараз “як чакра”: “Мы бачым, што вось яно – такое разнастайнае. І зануднае хіпстарскае, і саркастычна-гратэскнае, і драматычна-прытчавае, і дакументальна-сакральнае. Гэта ўсё новыя вымярэнні беларускага кіно, створанага маладымі дылетантамі. Мы стаміліся ад таго, што ў нас нічога не адбываецца. Ужо і самі часта кажам: што ў нас тут можа адбывацца? Вось у Маскве, Галівудзе… Зусім не! Зараз ёсць маладыя людзі, каторыя бяруць і робяць, ні ў кога не пытаючы дазволу. Гэта самае каштоўнае”
Што да нашай краіны, то Максім лічыць яе максімальна спрыяльнай менавіта для пачаткоўцаў: “У нас паўсюль скразнякі. Што ні зробіш – будзеш першым. Выдатная стартавая сітуацыя”.
Пра вартасць навучання ў сферы кіно
“Тых, хто ў нас вучыцца кінамастацтву, мне страшэнна шкада, – з усёй шчырасцю кажа Максім Жбанкоў. – У нас няма актуальнага беларускага экраннага прафесіяналізму”. Ён лічыць, што кінаадукацыя ў краіне спынілася дзесьці на ўзроўні 80-х гадоў. У выніку, што ні здымаецца, атрымліваюцца нейкія “Белыя росы-46”. Прычынай ён лічыць адсутнасць сярод выкладчыкаў людзей энергетычных, якія валодаюць найноўшымі стылістыкамі.
“Наша адукацыя фатальна спазняецца. У выніку гэтыя хлопчыкі-дзевачкі, якія яе атрымліваюць, яшчэ нічога не зрабіўшы, выходзяць інвалідамі. Гэта абсалютна шкодныя рэчы. Лічу, што наша кінаадукацыя ў сённяшнім дзяржаўным стане гэта ментальная хвароба ці канцэптуальная памылка – звядзенне ўсяго да “сістэматызацыі гаджэтаў і каталагізацыі забабонаў”.
Сам Максім лічыць, што галоўнае ў адукацыі – не замінаць, даць добрую сістэму спасылак на крыніцы і адначасова быць гатовым, што ўсё гэта ўсе будзе адкінута за непатрэбнасцю. Гэтак, некалі Андрэй Таркоўскі пра пэўнага свайго студэнта казаў: “Ён можа быць нармальным рэжысёрам, бо ён чытаў Эклезіяста”. На думку Максіма Жбанкова, гэта істотна, але можна і без гэтага: “Можна зняць кіно на аснове свайго прыватнага досведу і гэта будзе з такой энергетыкай шалёнай, што ўся біблеістыка пакладзецца ў труну. Ёсць розныя рэсурсы адбудовы энергетычнага аўтарскага выказвання. Гэта галоўнае. Скуль аўтар іх бярэ, гэта ягонае пытанне. Галоўнае вынікі. Лічацца заўсёды перамогі. Гэты хлопчык у фінале – ён перамог, і мне ўсё роўна, ці чытаў ён Эклезіяста. Бо можна чытаць што заўгодна і застацца ёлупнем”.
Можа здавацца, што Максім абараняе дрэмучы дылетантызм і кажа, быццам школа цалкам не патрэбна. Таму ён удакладняе, што яго выказванні адносяцца толькі да сучаснай беларускай кінашколы. “Школа патрэбная, але яна не можа замяніць сабой аўтарскага драйва, суб’ектыўнай праўды і маладога нахабства”. Праблема школы, на думку Максіма, у яе ролі “аўтарытарнага праграмера”, што ламае аўтараў – яны выходзяць адтуль “ашколенымі”, а не навучанымі. Вельмі важна захаваць ў сабе нейкую “ўпёртасць” у сваіх бачаннях і разуменне, што так, як ты гэта зробіш, больш не зробіць ніхто.
“Калі малады, амбітны аўтар прыходзіць у школу, галоўнай задачай для яго робіцца не дазволіць сябе “зачысціць”, не загрузіцца правіламі”. Граматная школа, якой пакуль у Беларусі няма, не душыць, не прэсуе і не шліфуе, а дазваляе аўтару раскрыцца. Яна кажа: вось табе палітра – пішы, экран пусты – запаўняй”.
Арганізатары казалі, што фестывальныя фільмы ад пачатку не маюць мэты стаць камерцыйнымі і збіраць вялікія залы, але адрасуюцца найперш тым, каго цікавяць адкрытыя фіналы і магчымасці знаёмства з аўтарскім бачаннем свету. У Гродне такіх гледачоў аказалася нямала
Чаму “тут і зараз” кіно ізноў робіцца “найважнейшым з мастацтваў”
На руку развіццю аматарскага артхаўснага кіно зараз грае даступнасць і прастата выкарыстання гаджэтаў для здымкі. “Вырасла пакаленне, каторае ўмее і можа цікава здымаць”, – кажа Максім. Гэта кінапакаленне ён называе ў нейкім сэнсе рэакцыяй грамадства на тэхнічны прагрэс: яно з’явілася, як некалі з’яўляліся розныя музычныя плыні і цэлыя пакаленні музыкаў. У гэтым кінапакаленні ён бачыць у пэўным сэнсе пераадоленне такой беларускай “немагчымасці”, думкі, што ў нас нічога не можа адбывацца.
Рашэнне змяніць месца правядзення фэсту з Варшавы на Мінск Жбанкоў таксама называе не выпадковым: “Зараз выспела такая сітуацыя, калі немагчымасць паглядзець беларускіх аўтараў у Беларусі выглядае зусім няправільна. Дамовіліся з Цэнтрам сучаснага мастацтва і яны нас падтрымалі. У гэтым годзе там зрабілі прагляды і яны мелі моцны рэзананс, а мы яшчэ раз пераканаліся, што і надалей так трэба рабіць. Конкурсы і прагляды – у Беларусі, а потым проматур па Польшы – з усімі дадатковымі бонусамі для пераможцаў”.
Мець падтрымкку з польскага боку для фестываля вельмі важна. Без магчымасці праз Польшчу інтэграваццца ў еўрапейскі кантэкст, фестывалю пагражае ператварэнне ў другі “Лістапад”. “А тут і з першым не ведаюць, што рабіць”, – заўважае Максім. Ён распавёў, што сёлета Януш Гаўрылюк, арганізатар фэсту з польскага боку, спрабаваў правесці перамовы з “Лістападам” пра магчымыя супольныя дзеянні, але вынікаў не было – ніхто з чыноўнікаў не захацеў браць на сябе адказнасць. Склалася меркаванне, пры якім Bulbamoviе ўспрымаецца як партызанскі атрад з логунгам “Заб’ем беларускае кіно”. З іншага боку, толькі польскі пракат фестывальнага кіно таксама не мае сэнсу.
Таксама сярод чыннікаў, што спрыяюць паглыбленай увазе да нефарматнага кіно, Максім называе рэальную запатрабаванасць у структурызацыі бязмежнай кінаінфармацыі, якую мы можам атрымаць праз інтэрнэт. “Гадоў 15 таму ўзнікла ілюзія, што усё ёсць на торрэнтах, – кажа Максім, узгадваючы сітуацыю з распадам многіх кінаклубаў і аб’яднанняў. – Зараз, пасля інфармацыйнага выбуху 90-х, мы ізноў асэнсавалі, што ёсць неабходнасць разважаць і абмяркоўваць, вяртаць асабістыя чынннікі ў інфармацыйныя патокі”.
Зараз разам з паўстаннем новага беларускага кіно фарміруюцца і іншыя элементы кінапрасторы – публіка, экспертнае поле, рынак прамоўшна, рэкламы, кінапляцовак і клубаў.
Паводле Максіма, час акурат спрыяе таму, каб перастаць сябе шкадаваць, бо звыклыя комплексы наконт рэжыму, занядбанасці мовы і няўцямнасці суседзяў – вялікая перашкода ў развіцці нацыі. “Пара ўсведаміць нарэшце, што мы жывём на скрыжаваннях і скразняках, і за гэта падзякаваць Богу. Трэба рабіць тут нашу пагранічную культуру, ствараць наша полістылістычнае і полілінгвістычнае кіно, бо гэтага не зробіць ніхто апроч нас”.