Чаму карысная елка, колькі яна расце і як яе ўпрыгожыць: пераднавагоднія цікавосткі ад Гродзенскага лясгаса

|

Стогадовых елак толькі 2 га на ўвесь раён

 

Па назіраннях у свеце, елка можа пражыць каля 500 год, але Аляксей Гарохаў кажа, што ў Гродзенскім раёне такіх старых дрэваў няма. Па-першае, елкі маюць паверхневую карнявую сістэму і таму моцна церпяць ад ветравалаў. З другога боку, паўднёвая частка Гродзенскага раёну з’яўляецца мяжой арэалу распаўсюджанасці ялова-грабавых дубраваў, таму ўмовы для елак тут пагранічныя, не самыя спрыяльныя. Таксама не вельмі добра сказваецца на елках і дзейнасць чалавека – меліярацыя разам з глабальным пацяпленнем скарачаюць працягласць жыцця дрэваў. Плошча спелага яловага лесу (узростам каля 100 гадоў) у Гродзенскім лясгасе складае толькі каля 2 гектараў.

Аляксей Гарохаў паведаміў, што ў Гродзенскім раёне лес займае каля 39% плошчы (58 030 га). Гэта вельмі шмат для раёна вакол буйнога прамысловага цэнтра. З яго словаў, баланс паміж вырубкай лесу і яго пасадкай заўсёды змешчаны ў бок пасадкі.

 

Елка на продаж расце 5-7 гадоў 

 

Што тычыцца навагодніх ялінак, то плантацыі гэтых дрэваў спецыяльна закладваюцца з году ў год. Толькі ў Гродзенскім лясгасе высаджваецца каля 45 000 маленькіх елак, каторыя патрабуюць плошчы каля 10 гектараў. Каб дарасці да вышыні 1,7-2 метраў ім патрэбна каля 5-7 гадоў.

 

Менавіта елкі такой вышыні карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў гарадзенцаў, што тлумачыцца вышынёй столі ў нашых кватэрах.

 

Папулярная ў гарадзенскіх пакупнікоў вышыня елак вельмі блізкая да сусветных паказчыкаў – сярэднестатыстычая вышыня навагодняй елкі ў дамах па ўсёй зямлі складае 1,9 м. Вышыня найвышэйшай святочнай прыгажуні па звестках кнігі рэкордаў Гінеса складае 67 метраў. Яна была ўсталявана ў гандлёвым цэнтры “Нортгейт” ў Сіэтле ў 1950 годзе.

 

Сапраўдная елка карысная для здароўя

 

Што тычыцца выбару паміж натуральным і штучным навагоднім дрэвам, то Аляксей схільны параіць гарадзенцам натуральныя елкі. Яго меркаваннем, такі выбар цалкам мяняе ўвесь святочны рытуал: адна справа схадзіць за пластыкавай елкай у падвал, дзе яна захоўваецца разам з бульбай, і зусім іншая – узяўшы з сабою дзяцей, пайсці выбраць сапраўдную лясную прыгажуню, што напоўніць жытло духам лесу і свята.

 

У адносінах да водару хвоі варта заўважыць, што ён адначасова і аздараўляе паветра. У 1м3 паветра ў хвойным лесе ўтрымліваецца ў 10 разоў менш патагенных мікраарганізмаў, чым у лесе, напрыклад, бярозавым. Такую, практычна, стэрыльнасць забяспечваюць фітаалексіны – рэчывы, што прыгнятаюць узбуджальнікаў інфекцый і актывізуюць газаабмен у лёгкіх.

 

Разам са зрэзанымі дрэвамі гарадзенцам прапануюць і елкі ў кадках. Дарэчы, колер елкі (зялёная ці блакітная) залежыць ад таўшчыні абароннага воскавага слою на хваінках. У блакітных елак ён ў 23 разы таўсцейшы, што і надае хвоі такі колер.

 

Як правільна ўпрыгожыць елку падкажуць матэматыкі

 

Калі справа даходзіць да ўпрыгожвання навагодняга дрэўца, то варта скарыстацца парадамі англійскіх матэматыкаў. Па замове сеткі ўнівермагаў Debenhams быў зроблены разлік, у выніку якога высветлілася – памер зоркі на елцы павінен складаць 10% ад вышыні дрэва, а аптымальная колькасць цацак для дрэва вышынёй 1,9 м  – 41 штука.

 

 

 

Утылізацыяй елак, якія купілі жыхары горада, лясгас пакуль не займаецца. Па святах елкі вывозяцца на сметнік разам з іншымі гаспадарчымі адходамі. Што тычыцца нераспраданых да Новага года елак, то яны перапрацоўваюцца на шчэпкі і выкарыстоўваюцца як паліва.