Гарадзенскiя дзеці шчаслівыя: у горадзе з’явілася вялікая снежная горка

|

Дзеці, якія так доўга чакалі снегу, не толькі ўбачылі яго, але і здолелі ўдосталь пакатацца з вялікай горкі. Бацькі не стаялі побач і таксама выпрабавалі шасцімятровы спуск.


– Для нашых дзяцей, гэта самае сапраўднае свята. Столькі снегу і такая класная горка! Прыемна, што хоць дзесьці ў горадзе дзеці змогуць атрымаць задавальненне ад снегу. Зразумела, што гэта маркетынгавы крок, але я лічу, гэта таго варта. Нават нам бацькам падабаецца, – распавёў Яўген, які прывёў на адкрыццё зімовага гарадка свайго сына.

 

Акрамя горкі, да якой пасля адкрыцця ўсе пабеглі, у гарадку ёсць дзіцячая пляцоўка з арэлямі і кухня, а неўзабаве тут зальюць зімовую каробку, дзе можна будзе пакатацца на каньках.

 

Былі на адкрыццi і дзеткі, якія ўпершыню ў жыцці сталі на лыжы і пабудавалі снежную крэпасць.

 

Трапіць у госці да ZimaCity (так называецца зімовы гарадок) змогуць усе наведвальнікі гандлёвага цэнтра, якія здзейснілі любую пакупку. Для гэтага пры сабе трэба мець рахунак і паказаць яго службе бяспекі пры ўваходзе ў гарадок. Рахунак з’яўляецца шматразовым квітком на працягу ўсяго дня.

Для ўсіх жадаючых пакатацца на горцы будзе працаваць пракат спецыяльных надзіманых “плюшак”. Цана арэнды – 25 тысяч рублёў у гадзіну.

 

Пляцоўка будзе працаваць штодзённа з 10.00 да 23.00.