Пад Гродна адкрыўся гарналыжны цэнтр “Алімп”: першы дзень працы, вялікія чэргі і першыя траўмы

Спецыяльна да адкрыцця арганізатары падрыхтавалі даволі доўгую, але не высокую горку. На працягу некалькіх дзён яе стваралі з дапамогай спецыяльных гармат. Астатнія горкі яшчэ не былі падрыхтаваныя да выкарыстання, хоць там быў ужо не толькі штучны, але і сапраўдны снег, які выпаў ноччу. Калі марознае надвор’е працягнецца, рэшту трас плануюць падрыхтаваць у бліжэйшы час з дапамогай штучнага снегу.

 

На горналыжнай трасе ў Каробчыцах рыхтуюць снег для гарадзенцаў (+ новыя цэны на паслугі комплекса)

 


Чэргі

 

Відавочна, арганізатары не былі гатовыя да такога наплыву наведвальнікаў. Ужо ў 12.00 на стаянцы каля гарналыжнага цэнтра практычна не было свабодных месцаў. У пункце пракату таксама ўтварыліся вялізныя чэргі: каб атрымаць камплект лыж людзям даводзілася стаяць гадзіну.

 

Прыбыўшыя гарадзенцы не ведалі з чаго пачаць, каб скарыстацца пракатам. Згодна з аб’явай трэба было спачатку падабраць лыжы, а пасля ўжо заплаціць. У выніку супрацоўнікі сталі дзейнічаць наадварот – спачатку плаці, а пасля выбірай лыжы. 

 

Былі і такія, хто частку свайго аплочанага часу прастаяў у чарзе.

 

Памяшканне, у якім знаходзіцца пракат, туалет і буфет, відавочна не разлічана на такую колькасць людзей.


Цэннік

 

У першы дзень дзейнічалі зніжкі, таму можна было пакатацца дзве гадзіны з усім камплектам усяго за 80 тысяч рублёў. У наступныя дні кошт будзе ў два разы большы. Каб катацца цэлы дзень у рэжыме “усё ўключана”, трэба будзе заплаціць 300 тысяч рублёў. Калі ж вы ўзялі дзве гадзіны, а потым захацелі працягнуць, то ў пункт пракату вяртацца не трэба. Катайцеся далей – даплоціце ў самым канцы.


Горка

 

Сама горка ўражвае, вось толькі дабрацца да яе ў спецыяльных лыжных чаравіках праблематычна. Людзі нібы робаты перамяшчаюцца па замерзлай зямлі.

 

Каб спусціцца з гары, трэба падняцца на спецыяльным пад’ёмніку. Пачаткова арганізатары дазволілі наведвальнікам да 15.00 карыстацца ім бясплатна, але ў выніку з-за вялікіх чэргаў, якія ўтварыліся ў пункце пракату, бясплатны ўваход на пад’ёмнік расцягнулі на ўвесь дзень.

З самага верху траса выглядае добра. Ніхто нікому не перашкаджае, усе адпачываюць у сваё задавальненне. У гэтым арганізатары вельмі добра пастараліся. Першая горка падыходзіць больш для аматараў і дзяцей, чым для прафесіяналаў. Для больш дасведчаных хутка запрацуюць і іншыя горкі.

 

Першая траўма

 

Не абышлося ў першы дзень і без траўм. Мужчына гадоў 40 не разлічыў свае магчымасці, няўдала ўпаў на хуткасці і пашкодзіў калена. На працягу некалькіх хвілін, пакуль ён ляжаў на трасе, да яго падбеглі медыкі і аказалі першую дапамогу. У выніку мужчыну вынеслі з трасы на адмысловай надзіманай падушцы.

 

Усяго ў комплексе падрыхтавана каля 250 пар лыж і сноўбордаў разам з камплектам. Таксама ў наяўнасці надзіманыя падушкі для дзяцей. У хуткім часе арганізатары абяцаюць на трасе ўключыць музыку. Працаваць комплекс будзе штодня да 22.00, а ў выходныя дні плануецца працягнуць час працы да поўначы.