Пошукава-выратаваўчы атрад “ЦентрСпас” падвёў вынікі года: 40 пошукаў, з іх восем паспяховых

Атрад быў створаны ў 2013 годзе. Мінулы год, дзякуючы афіцыйнай рэгістрацыі, выдаўся для пошукавай каманды самым удалым.

 

– За год нам удалося наладзіць добрыя адносіны з міліцыяй горада і вобласці. Было вельмі шмат пошукаў вясной. Летам было зацішша, а вось восенню і зімой прыйшлося сур’ёзна папрацаваць. Год выйшаў вызначальным і ўдалым дзякуючы рэгістрацыі, якая нам адкрыла многія дарогі, – распавядае Яраслаў.

З кіраўніком атрада Яраславам Струцiнскiм “Твой стыль” рабіў вялікае інтэрв’ю летам 2015 года

 

 

За год валанцёры шукалі 40 зніклых чалавек. З усіх пошукаў было знойдзена восем чалавек, палова з іх – жывымі. Для маладога атрада гэты вынік лічыцца добрым.

 

Таксама ў мінулым годзе паўстаў велапатруль, у якім ужо каля 20 чалавек. Зараз яны выпрацоўваюць схему пошуку. У лес іх яшчэ не прыцягвалі, але ў горадзе велапатруль выконвае істотную працу.

 

З 11 кастрычнiка 2015 года ў Гродне працуе дабрачынны праект “Групы псіхалагічнай падтрымкі”. Яны былі створаны для тых, хто апынуўся ў складанай псіхалагічнай сітуацыі, і для людзей, якія перажылі гвалт.

 

– Да нас звярталіся зусім розныя людзі. Для мяне было дзіўна, калі да нас прыйшоў мужчына і сказаў: “Я тыран. Мне патрэбна дапамога, каб абараніць сям’ю ад сябе”. Мы думалі, што будзем аказваць дапамогу толькі ахвярам, але цяпер зразумелі, што можам дапамагаць і іншым.

 

У 2016 годзе ў Яраслава ў планах запусціць яшчэ адну групу псіхалагічнай падтрымкі. Яна будзе накіравана на дапамогу людзям, якія перажылі або перажываюць раставанне з каханым чалавекам. У групах будуць працаваць два прафесійныя псіхолагі, якія таксама з’яўляюцца членамі пошукавага атрада.

 

На падвядзенні вынікаў года актыўным валанцёрам выдалі спецыяльныя пасведчанні

 

У новым годзе атрад плануе актыўна працаваць па прыцягненні спецыялістаў і фінансаў. Нядаўна Яраслаў ездзіў у Мінск на курсы па сацыяльным прадпрымальніцтве і атрымаў там шэраг навыкаў, якія ў будучыні хоча выкарыстаць у Гродне.


– Для мяне галоўнае зрабіць атрад самадастатковым і незалежным ад таго, дасць хто-небудзь грошай на бензін або амуніцыю ці не дасць. Грошы, натуральна, будзем зарабляць не на пошуках, там мы заўсёды будзем валанцёрамі. Будзем зарабляць на розных праектах.

 

Асноўныя планы на 2016 год: аператыўная дзейнасць (пошук зніклых людзей) і прадухіленне знікненняў людзей. Апошні напрамак стане навінкай не толькі ў атрадзе, але і ва ўсёй краіне. Іншай важнай задачай стала фарміраванне тэхнічнай базы для атрада: набыццё сваёй тэхнікі і абсталявання.