Уладальнікі гарадзенскай этнакрамы “Цудоўня”: “Ідзе перыяд выхавання новага беларуса”

– Якім вы бачыце вобраз прыроды ў карціне свету беларусаў і  традыцыйныя ўзаемадачыненні беларуса і прыроды?

 

– Традыцыйная культура неад’емная ад прыроды, яна на ёй базавалася, суіснавала з ёй, яна з яе выходзіла і ў яе ішла, – распавядае Надзея. – Традыцыйная культура натхнялася тутэйшая прыродай, яна сугучная таму, што людзі бачылі навакол. Гэта датычыць і традыцыйнай каларыстыкі. Таксама традыцыйная культура вельмі шчыльна ўпісаная ў прыродны колазварот: у змены сезонаў, сузор’яў на небе, да гэтага прымеркаваны асноўныя святы. Чалавек існаваў у прыродным асяроддзі і ў межах гэтай культуры. Традыцыйная культура цалкам убудаваная ў тутэйшую прыроду.

 

– Традыцыйная культура –  гэта культура, якая ідзе з далёкай старажытнасці, калі не было сённяшняга антрапагеннага ўплыву, – дадае Андрэй. – Чалавек існаваў у прыродным асяроддзі, быў наўпрост завязаны на ім і згарманізаваны з ім, уся традыцыя будуецца на гэтым. Яна цягам стагоддзяў застаецца прывязаная да прыроды. Зараз у людзей крышку па-іншаму ўсё пайшло, але што тычыцца менавіта традыцыі – існуе прамая сувязь паміж ёй і прыродай.

 

– А для вас – сучаснага чалавека – што такое прырода?

 

– Мы намагаемся прытрымлівацца пазіцый не зусім сучаснага чалавека, – усміхаецца Андрэй. – Але ў любым выпадку – гэта тое, што нас парадзіла, тое, што дало нам жыццё, тое, з чым наша жыццё звязана і будзе звязана далей – матухна-прырода.

 

– У кожнага народа ёсць прыродныя з’явы, якія можна назваць архетыпічнымі для гэтага народа. Якія прыродныя архетыпы ёсць у беларусаў?

 

– Лясы, палі, балоты, мяккі, нярэзкі рэльеф, стрыманыя колеры, умеранае надвор’е накладае свой адбітак на характар людзей, – амаль хорам тлумачаць Андрэй і Надзея. – Краявіды фарміравалі светабачанне тутэйшых  людзей. І гэта светабачанне засталося. Усё роўна беларусы больш камерныя, калі параўнаць з іншымі народамі.

 

 

– А ў чым розніца паміж гарадскім і вясковым беларусам? Стандартна і стэрэатыпна лічыцца, што беларуская культура – вясковая. Але сёння культура сканцэнтраваная ў гарадах. Ці ёсць пераемнасць традыцыйнай вясковай культуры і сучаснай гарадской?


Андрэй:

– Пераемнасць  слабая, таму што ў XVIII – пачатку XX ст вясковыя людзі былі кансерватарамі, яны прытрымліваліся традыцыйнай культуры на ўзроўні дагматызму. А горад заўсёды быў асяродкам, дзе ішло развіццё. Былі яшчэ мястэчкі – залатая сярэдзінка паміж прагрэсіўнасцю горада і кансерватызмам вёскі. Пасля Першай сусветнай вайны свет пачаў змяняцца вельмі хутка і кансерватыўнай культуры месца засталося мала, бо прагрэс пайшоў наперад вельмі хутка. Канешне, гэта вынішчыла адбіткі гэтай культуры на людзях. Але гэта культура фармавалася на працягу стагоддзяў і яна забіта ў падсвядомасць. Прайшоў нейкі час, і ў людзях пачало актывізавацца тое падсвядомае, што сядзела ў іх, і пайшоў штуршок для развіцця новай традыцыйнай культуры. Яна пачынае інтэгравацца ў сучасны асяродак.

 

– А як адбываецца гэта інтэграцыя?


Надзея:

 

– У нейкі час надыйшоў момант, калі прайшоўшы перыяд савецкага імкнення да уніфікацыі, – прычым гвалтоўнай уніфікацыі, калі знішчаліся адметнасці традыцыйнай культуры, вясковая культура лічылася заганнай, – людзі пачалі адчуваць патрэбу ва ўласнай унікальнасці. Прыйшло разуменне, што шэры аднолькавы савецкі чалавек – гэта не тое, з чым прыемна жыць, не тое, што яны ёсць. Я б сказала, што тыя актывізаваныя часткі старажытнай народнай культуры, аб якіх казалася вышэй, аднаўляюцца і шукаюцца гарадскімі жыхарамі. Многія гарадскія жыхары самі выйшлі з вёскі, гэта такое наноў вяртанне да сваіх жа вытокаў і пошукі іх, прымерванне, як з гэтым можна жыць, як гэта можна несці ў цяперашнюю гарадскую культуру, як гэта можна звязаць з ёй.

 


– Ці можна назваць жыццёвы лад ранейшага і сучаснага беларуса экалагічным?

 

– Ранейшага – безумоўна, так. Гаспадарка была пабудавана як безадходная вытворчасць. Чалавек не быў спажывальнікам, ён быў “суіснавальнікам”, “сужыхаром”. Увесь час адбывалася ўзаемадзеянне, узаемаабмен. Нічога не бралася з прыроды так, каб вынішчылася ў ноль. Магчыма, на гэта ўплывала меншая колькасць людзей.

 

А гарады – гэта месца, дзе канцэнтруюцца спажывальнікі, якія нічога прыродзе не даюць. Нічога ў прыроду не вяртаецца, а толькі бярэцца, бярэцца, бярэцца для вялікай колькасці людзей. Калі вясковыя людзі трымалі жывёлу для спажывання, яе існаванне было шмат больш годнае і камфортнае, чым на сучасных мясакамбінатах. Гэта не быў канвеер на вынішчэнне.

 

Цяпер пра гарадскіх жыхароў цяжка сказаць, што яны неяк блізкія да экалагічнага прыроднага існавання. Фактычна цяперашняга гарадскога жыхара можна назваць нейкім канцэнтратам спажываня і вынішчэння. Тэндэнцыі, якія ўжо нейкі час існуюць на Захадзе, калі людзі ўсведамляюць, што нельга толькі браць, выкідаць і забруджваць, што ўсё гэта аукнецца, да нас толькі даходзяць. Толькі ў апошнія гады стала больш інфармавання наконт раздзельнага збору смецця і іншых элементарных рэчаў, пра якія варта было думаць ад пачатку стварэння гэтых рэчаў. Але ў нашай краіне гэта вельмі павольны працэс.

 


– Ці вядзе ваша сям’я лад жыцця, які можна назваць экалагічным?

 

– Мы сартуем смецце, прынамсі паперу і пластык мы збіраем асобна. Наконт энегазберагаючых лямпачак я змагаюся, не вельмі проста ўсе адразу замяніць, але паступова гэты працэс ідзе. Такія рэчы, як выключаць ваду і святло, калі яны непатрэбныя – гэта ўсе пільнуецца. Карыстаемся экаторбамі і пакетамі шматразовага выкарыстання, пакуем набытыя рэчы ў іх або ў заплечнік. Гэта да таго ж зручней і эстэтычней. У плане харчавання таксама прытрымліваемся здаровага кірунку. Я вегетарыянка, Андрэй – не, але ў любым выпадку ежу пераважна гатуем дома, паўфабрыкатамі карыстаемся па мінімуму, прадукты купляем на рынку.

 

– У “Краме Ц” перыядычна праходзяць майстар-класы па вырабах з прыродных матэрыялаў. Якія традыцыйныя матэрыялы, што ўжывалі нашы продкі,  засталіся ва ўжытку сучаснага беларуса, а якія губляюць папулярнасць, адыходзяць?


Андрэй:

 

– Папулярным як быў, так і застаўся лён. Папулярнасць дрэва нікуды не зыходзіць. Радуе, што людзі пачалі больш цікавіцца дрэвам, цікавяцца мэбляй з дрэва, а не з ДСП. Нядаўна прыходзіў чалавек, які хоча сабе ложак цалкам драўляны, нават без клею, то бок імкнецца пазбавіцца нават мінімальных дадаткаў хімічнасці.

 

Лаза, чарот – гэта матэрыялы для вырабу дэкаратыўных практычных рэчаў, якія магчыма інтэграваць у сучасную кватэру. І яны будуць глядзецца адэкватна і прыгожа. Вось салома хутчэй адыходзіць, карыстаецца ўсё меншай папулярнасцю ў людзей. Хаця я не магу з упэўненасцю сказаць, што яна будзе гэтак жа непапулярная заўтра. А раптам у нас атрымаецца? Той жа чарот – не сказаць, каб ён быў папулярны яшчэ нядаўна. А цяпер ён распаўсюджваецца, чаротавыя вырабы ўпісваюцца нават у стыль мінімалізму, які зараз модны. А ўвогуле, дрэва, лён і чарот – гэта тыя матэрыялы, якія былі папулярныя, і наурад ці страцяць калі-небудзь сваю папулярнасць.

 

 

Мы стаім цяпер на перыядзе выхавання новага беларуса. Тое, что знішчалася доўгі час у людзях, пачынае зноў з’яўляцца, прачынацца. Часта можна пачуць меркаванні пра карункавыя вырабы і льняное адзенне як пра старэччыну і вяскоўшчыну. Але ў нас шмат часу была такая праблема з рамеснымі вырабамі, што народныя традыцыйныя промыслы скаціліся ўніз, упалі ў якасці, і вытворчасць іх стала таннай сувеніркай. А каб змяніць ў людзей бачанне гэтых рэчаў, трэба даць альтэрнатыву, каб людзі бачылі, што гэта можа быць густоўна, стылёва, што яно можа ўпісацца ў сучаснае жыццё. Што гэта не сувенірка для бабулі ў вёску, што гэта можа радаваць і сучаснага чалавека. І мы, колькі можам, намагаемся гэта рабіць.