“Тыповы гарадзенец”. Што пра жыхароў Гродна можна даведацца з загалоўкаў інтэрнэт-навін
Каб стварыць гэты матэрыял мы перачыталі мноства навін, у якіх герой быў пазначаны толькі як “гарадзенец”. У СМІ так робяць, калі нельга неяк інакш, больш падрабязна, апісаць героя. Звычайна так называюць людзей у навінах крымінальнага характару.
Асцярожна! Побач чалавек-гарадзенец!
Чалавек-гарадзенец мае ўсе шансы прэтэндаваць на лаўры найгоршага супергероя, бо як яшчэ можна назваць таго, хто запраста абрабаваў 34 нямецкіх банка, скраў у інкасатараў два мяхі грошай ці звоніць у міліцыю з паведамленнем, што ГЭС на Нёмане замініравана? Менавіта ён, гэты супер-негатыўны герой можа ад голаду двойчы абрабаваць магазін ці скарасці з падвала 33 банкі салёных гуркоў, за адну ноч угнаць 10 аўтамабіляў, а патрапіўшы ў міліцыю пабіць там лекара!
Увогуле, з запаветам “не крадзі” ў чалавека гарадзенца няма згоды – ён здзейсніў крадзеж з касцёла ў час Пасхальнай службы, пераадзеўшыся ксяндзом, краў вянкі і ежу на могілках, а таксама – абабраў пад ноль уласную бабку і роднага дзядзьку, каб шырока пагуляць у начным клубе.
Здаецца, што крадзеж для чалавека-гарадзенца цалкам натуральная з’ява, бо такім чынам ён вырашае любую сітуацыю. Чалавек-гарадзенец краў нават бансаі і бег ад ахоўніка цэлы кіламетр, ратуючы ўкрадзены швэдар. Калі душа патрабуе алкаголю – ён крадзе ў краме віскі ці каньяк, а калі хочацца есці, выносіць з прадуктовага магазіна кураня і бутэльку алею, ці пару булачак і банку газіроўкі, на якія не хапае зарплаты. А калі побач няма крамы, то ён не грэбуе на вачах у пенсіянера лезці ў вакно яго хаты, каб трохі пажывіцца чым пападзецца.
Чалавек-гарадзенец і яго рамантычныя пачуцці
Аднак, не толькі голад гоніць яго на крадзеж – высокія пачуцці чалавеку-гарадзенцу таксама знаёмыя. Скрасці 25 ружаў, каб падарыць іх дзяўчыне, ці выдаткаваць скрадзеныя грошы на пакупку для каханай залатога пярсцёнка – так можа дзейнічаць толькі шляхетная натура!
Чалавек-гарадзенец – вялікі рамантык. Пазнаёміўшыся з дзяўчынаю на дыскатэцы “Для тых, каму за 30”, ён не можа забыць чароўную незнаёмку, што сцягнула ў яго трохі грошай, і шукае яе з міліцыяй. Ён так аддана кахае, што можа скрасці і ўстрымліваць у палоне дзяўчыну, каторая дабравольна не згаджаецца бавіць з ім час. А калі аргументы не дзейнічаюць, ён можа проста пырнуць дзяўчыну нажом у жывот за тое, што, пакінуўшы яго, цалуецца з другім.
Нават шлюб не ахалоджвае пыл яго ну проста атэлаўскіх пачуццяў: жонку ён спрабуе выкінуць з балкона.
У жыцці чалавека-гарадзенца заўсёды ёсць месца аўтамабілю
Нават калі ўласнага аўто няма. Вось так аднаго разу ўсвядоміўшы гэта, чалавек-гарадзенец пайшоў уначы здабываць сабе машыну. Першая не завялася, у другой бензін скончыўся і толькі трэцюю ўдалося нарэшце нармальна ўгнаць. Калі ж яму хочацца не проста пакатацца, а яшчэ і пакуражыцца, то чалавек-гарадзенец бярэ, напрыклад, аўтамабіль хуткай дамапогі, і катаецца, патрабуючы праз мегафон саступаць яму дарогу. Машыны прыцягваюць не толькі самога чалавека-гарадзенца, але нават і тыя шкляныя бутэлькі, што ён выкідае з акна. Адной кінутай з любоўю бутэлькі яму хапае, каб пашкодзіць два аўтамабілі.
Галавек-гарадзенец ведае ноў-хаў абавязковыя для дасведчанага аўтамабіліста. Напрыклад, каб лёгка завесці аўтамабіль узімку трэба падагрэць бензін. Праўда, ратаваць спаленую кухню потым прыходзіцца пажарным. Таксама чалавек-гарадзенец часамі “заганяе” службовую саляру, бо адчувае салідарнасць з усімі вадзіцелямі.
Як кожны аўтамабіліст, ён заклапочаны праблемай паркоўкі. Гэта ж проста крывавая рана ў жыцці аўтамабілелюбівага чалавека-гарадзенца! То яму прыходзіцца скардзіцца ў ДАІ, што суседі паркуюцца на дзіцячай пляцоўцы, то з газавым “Вальтарам” у руках гразіцца забіць канкурэнта, што заняў яго месца на паркінгу. А калі нервы не вытрымліваюць, прыходзіцца чалавеку-гарадзенцу вымяшчаць злосць, збіваючы чужую Audi, ці ламаць аўто на вачах у гаспадыні, прычым яго адказам на заўвагі могуць стаць проста… знятыя штаны.
Растацца з машынай яму ўсё роўна, што страціць частку сябе, таму ён аднойчы нават скраў уласны аўтамабіль, каторы за парушэнне забралі на штрафстаянку. А другім разам угнаў машыну ў сабутэльніка і заснуў у ёй на могілках.
Мяжа побач: чалавек-гарадзенец жыве з гэтым усведамленнем увесь час
Падобна, ён лічыць, што ездзіць праз мяжу “пустым” неяк нават не спартыўна, таму заўсёды стараецца прыхапіць штосьці з сабою. То спрабуе ўвезці больш за 153 кг гашышу ці 49 айфонаў, то вывезці 70 тысяч пачкаў цыгарэт.
Мяжу чалавек-гарадзенец лічыць амаль родным домам, таму можа не прадстаўляючы памежніку дакументаў праехаць яе, збіваючы шлагбаўмы. Спыніць героя ў штурме граніцы могуць толькі стальныя “вожыкі”, але нават на прабітых колах чалавек-гарадзенец праязджае пару сотняў метраў па “заграніцы”. Гэтым разам ён не кантрабандыст – проста хацеў набыць алкаголь у Duty Free. А няўдалую спробу выезду ўсю ноч абмяркоўваў па душам з уласнымі шкарпэткамі.
Увогуле, чым скончыцца для чалавека-гарадзенца наведванне мяжы – непрадказальна. Аднойчы яго тут аштрафавалі за ўключаны відэарэгістратар, другім разам прышлося заплаціць – ужо па перасячэнні мяжы – за кепскія каментары пра мытнікаў ў сацсетках.
Але ўсё роўна – без мяжы чалавеку-гарадзенцу няма жыцця. Нават калядную ялінку ён шукае не далей чым у кіламетры ад граніцы, пры гэтым прыхапіўшы з сабою не менш чым 7000 пачкаў сігарэт.
Новыя тэхналогіі ў жыцці чалавека-гарадзенца
У фізічнай рэальнасці чалавек-гарадзенец не плаціць аліменты і бярэ пазыкі ў даверлівых жыхароў горада без намеру вярнуць грошы. Мо праз тое і сыйшоў ён у віртуальнасць, каб пачаць новае жыццё. Аднак і тут паводзіць сябе як разбойнік: замовіў узлом электроннай почты знаёмага калекцыянера, каб скрасці старадаўня карты, пранік у акаўнт былой сяброўкі і ад яе імя пісаў непрыстойнасці, зняў грошы са знойдзенай банкаўскай картай з надрапаным пін-кодам, а таксама посціў у сеціве падсуднае порна. Пры гэтым ён проста геній канспірацыі, бо па-за віртуальнымі прыгодамі лічыцца добрым чалавекам – у характарыстыцы з месца працы пра яго адзываюцца станоўча.
Трэба адзначыць, што віртуальнасць часам працуе і супраць нашага героя – ездзіць на Mercedes Vito, за каторы праз інтэрнэт перавёў на рахунак прадаўца 6500 даляраў, ён можа толькі віртуальна. У рэальнасці сустрэцца з аўтамабілем яму не ўдалося, бо, як высветлілася, прадаваў машыну махляр больш дасведчаны, чым чалавек-гарадзенец.
Усё будзе добра?
Ёсць, аднак падставы лічыць, што чалавек-гарадзенец цвёрда стаў на шлях выпраўлення: ён дабраахотна здаў у міліцыю кулямёт Дзегцярова, знойдзены ў сараі ў дзеда, а пасля і цэлую калекцыю зброі – баявую вінтоўку, пісталет, каля 10 расійскіх, польскіх і японскіх штык-нажоў, афіцэрскі корцік і некалькі скрынак з патронамі.
Нябёсы яму аддзячылі: капаючы градкі на дачы чалавек-гарадзенец знайшоў клад – россып даўніх манет і ўпрыгожванняў. Аднак тыя ж нябёсы падкінулі і спакусу, на якую павёўся наш даверлівы герой. У чарговым скрадзеным кашальку чалавек-гарадзенец знайшоў выведзеную з грашовага абароту 5 000 000 купюру і памяняў яе ў недасведанай касіркі гульнёвага клубу на сучасныя грошы.
Так лёгка бывае саслізнуць! Прычым, не толькі са шляху выпраўлення, але нават з унітаза. Але чалавек-гарадзенец заўсёды можа разлічваць на дапамогу – прынамсі, калі ён застраў паміж сцяной і ўнітазам, то спецыялісты МНС яго выратавалі.
Даведка “Твайго стылю”
У Twitter больш за два гады існуе жартоўны акаўнт @_FloridaMan, які паведамляе пра “найгоршага супергероя ў свеце”. Яго аўтар збірае загалоўкі, што ўтрымліваюць выраз “Florida Man” — “жыхар Флорыды” – так СМІ звычайна абазначаюць героя артыкула, калі не ўдаецца апісаць яго дакладней.
У медыйнай прасторы Расіі падобны праект рэалізуе “Медуза”. Тут можна пачытаць пра прыгода аміча ці екацерынбуржца, якімі яны выглядаюць у загалоўках навін.
Досведам калег з удзячнасцю скарыстаўся і “Твой стыль” у даследванні віртуальнага вобраза чалавека-гарадзенца.