У першы дзень новага году ў парку Жылібера невядомыя “адпомсцілі” глючнаму аўтамату з кавай

|

Хуліганства адбылося прыблізна ў 6.00. Па словах відавочцаў, толькі каля 11.00 да перакуленага аўтамату падышлі супрацоўнікі міліцыі. Па словах дворнікаў, гэта былі, хутчэй за ўсё, супрацоўнікі ДАІ.


– Мы нічога не ведаем, заступілі на працу ў 7 раніцы, а ён ужо ляжаў, – распавёў супрацоўнік Зелянбуда.

 

У гэты ж дзень пабіты аўтамат вывезлі з парку. Ад яго засталася толькі замарожаная лужына кавы.

Чалавек, які папрасіў застацца невядомым, паведаміў, што дадзены аўтамат “сам даўно напрошваўся на непрыемнасці”.


– Я б таксама яго разбіў. Ён не прымаў патрэбныя купюры, а калі прымаў, то доўга думаў. Я сам некалькі разоў пакутаваў ад гэтага апарата. Шчыра скажу – я яго не чапаў. Верагодна, нехта раніцай хацеў папіць кавы, але аўтамат зноў вырашыў “пагуляцца”. У выніку чалавек не вытрымаў і яго перакуліў.

 

Уладальніка дадзенага аўтамата нам знайсці не ўдалося. Уладальнікі іншых падобных аўтаматаў у горадзе таксама не ведалі, каму ён належаў. Але сказалі, што рамонт абыдзецца ў добрую суму.