Фірму былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча могуць пазбавіць ліцэнзіі

|

Мікалай Аўтуховіч распавядае сайту palitviazni.info пра ціск уладаў на яго фірму.

 

“Нас хочуць пазбавіць ліцэнзіі”, – кажа ён.

 

Па словах Аўтуховіча, кіроўцы на самай справе перапрацоўвалі, але так было заўсёды.

 

“Яны самі гэтага хочуць, бо ўначы, калі прыходзяць цягнікі, больш грошай зарабляецца, – распавёў Мікалай. – Але ж мы ж з гэтых грошай падаткі плацім. І на такі крок пайшлі вымушана, бо ў сённяшніх умовах у людзей элементарна не хапае фінансаў на жыццё. Да таго ж нельга параўноўваць перавозкі таксі ў сталіцы ці абласным цэнтры з раённым. У Мінску чалавек адразу можа праехаць на 200 тысяч, а ў Ваўкавыску для пенсіянераў ільготны тарыф – 20 тысяч, для пастаянных кліентаў – 25 тысяч. Кліентаў мала, вадзіцелі большую частку працоўнага дня адпачываюць на стаянцы. За суткі за рулём могуць правесці ўсяго паўтары гадзіны. Калі я пасаджу на адну машыну чатыры чалавекі, як патрабуе таго закон, пражыве чалавек за 500 тысяч у месяц? Зараз вадзіцелі атрымліваюць у сярэднім па 2,5 мільёна ў месяц, і ў раённым горадзе гэта ўжо лічыцца добрым заробкам. З транспартнікамі і раней адбываліся канфліктныя сітуацыі, мяркую, што нас прэсуюць. Фірме проста помсцяць”.

 

– Зараз, наколькі вядома, нас хочуць пазбавіць ліцэнзіі, – кажа Мікалай Аўтуховіч. – За перапрацоўку, а таксама дачапіліся, што на некалькі дзён пратэрмінавалі праходжанне тэхнічнага агляду… Але ж гэта дробязі, дзяржава ад гэтага нічога не згубіла. Тым больш, у фірмы гэта першае парушэнне з 2007 году.


– Можа проста вырашылі папалохаць?

 

– Думаю, што ўсё дастаткова сур’ёзна, хоць правяраючыя з вобласці супакойвалі, што першае парушэнне не прывядзе да пазбаўлення ліцэнзіі. Але ж ёсць такая інфармацыя, значыцца справа кантралюецца вышэй. Я па-ранейшаму пад кантролем сілавікоў, а разам пад пільнай увагай і ўсё тое, што раблю. Хутчэй за ўсё, была дадзена такая каманда. Што скажуць – тое і зробяць. Мне зараз некаторыя раяць – вы, маўляў, хуценька адчыніце іншую фірму і атрымайце на яе ліцэнзію. Але што такое перарэгістраваць фірму? За кожную машыну трэба будзе заплаціць каля 5 мільёнаў рублёў. Навошта і за што? Мы ж не парушалі нічога такога, за што можна было б нас пазбаўляць ліцэнзіі. Гэта ж не фірма-аднадзёнка, а кампанія з рэпутацыяй. Таму пабачым, як будуць развівацца падзеі далей. Час пакажа, ці тырчаць тут нечыя вушы.