Купалаўскі ўніверсітэт і праваслаўная царква падпісалі дамову аб супрацоўніцтве
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік Гродзенскай епархіi, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, настаяцелі цэркваў, кіраўніцтва ўніверсітэта і прадстаўнікі аблвыканкама.
Цяпер ва ўніверсітэце будзе больш сумесных праграм. Гэтак, будуць праходзіць семінары па філасофіі і багасловіі, а некаторыя лекцыі студэнтам пачнуць чытаць святары.
– Для нас гэта вельмі значная падзея. Ёй папярэднічала шматгадовая практыка супрацоўніцтва з самымі рознымі прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Нашы студэнты часта ўдзельнічалі ў канферэнцыях, звязаных з царквой. Нашы выкладчыкі рэгулярна абмяркоўваюць самыя розныя пытанні багаслоўскага зместу. Варта адзначыць, што гэта вельмі значная падзея адбываецца напярэдадні Раства, – распавёў рэктар універсітэта Андрэй Кароль.
Для прадстаўнікоў царквы гэта таксама вялікая падзея. Архіепіскап Арцемій адзначыў, што падпісанне дамовы будзе спрыяць пазнанню ісціны ўнутранага і духоўнага свету чалавека.
Замацаваць супрацоўніцтва вырашылі выступам універсітэцкага хору, якія выканалі царкоўную песню.
Студэнт чацвёртага курса факультэта гісторыі і камунікацый Мікалай Макарэеў ўпэўнены, што для ўніверсітэта гэта сур’ёзная падзея.
– Гэта мерапрыемства для мяне важна, бо мы не першы год вядзем сумесныя працы з царквой. Мы рэгулярна абмяркоўваем праблемы рэлігіі і царквы. Нашы студэнты – члены праваслаўнага брацтва, менавiта гэта нас аб’ядноўвае. Мы хочам быць блiжэй царквы, бо нам – моладзі і студэнцтву – несці святло ведаў і святло праваслаўя. Калі каталікі захочуць падобным чынам супрацоўнічаць, то я толькі вітаю гэта. Мы ўсе хрысціяне. Такое супрацоўніцтва павінна быць, гэта звычайная справа.
Рэктар таксама адзначыў, што ўніверсітэт адкрыты для супрацоўніцтва з каталіцкай царквой.