“Эканомім на ўсім: нікуды не ходзім, нічога не купляем, акрамя самага неабходнага” – апытанне ў Гродне

|

 

Жанчына пенсійнага веку: “Ну а як жа, канечне, панізіўся жыццёвы ўзровень. Калі пазалетась у мяне пенсія была амаль 300 долараў, то цяпер толькі 150. Менш купляем, бо як па-іншаму? Унукаў стараемся не пакрыўдзіць, бо нашы бацькі так жылі — і мы так жывём”.

 

Жанчына пенсійнага веку: “Канечне, грошай стала меней. Я, да прыкладу, на пенсіі атрымліваю 2 мільёны 200, і як з гэтага пражыць, яшчэ маючы сына-інваліда? І мужу не далі на пенсіі працаваць, і мне. Вось так і выкручваемся — валасы часам дыбарам устаюць, бо як быць і як жыць? Думаю, што не адна я ў такім становішчы. Вельмі цяжка жыць…”

 

Маладая жанчына: “Канечне, закрануў. Вось мы з мужам робім рамонт, я ў дэкрэтным адпачынку, то раней мы маглі некалькі добрых рэчаў купіць з заробку, а цяпер хаця б адну, і то ледзь-ледзь. Эканомім, на ўсім эканомім, нікуды не ходзім, нічога не купляем сабе, акрамя самага неабходнага”.

 

Малады хлопец, студэнт: “Грошы даюць бацькі і даюць, а я там не ведаю, як яны жывуць. Мы студэнты, нам даюць грошы, і мы на іх жывём…”

 

Маладая жанчына: “У мужа на заробках, канечне, гэта адбілася. І ў мяне, як у дызайнера інтэр’ераў, таксама заказаў паменела. Ведаеце, усе грошы на харчаванне ідуць…”

 

Мужчына пенсійнага веку: “Канечне, адбіўся гэты крызіс на мне. Я пенсіянер і хаджу па крамах, купляю дзярмо ўсякае, бо нешта добрае купіць за гэтую пенсію немагчыма. І як тут быць па-другому? На плошчу ж не пойдзеш, а яны ўсе добра ведаюць, што ў нас ёсць начальнікі, якія атрымліваюць па 50–60 мільёнаў і мяняюць кожны дзень гарнітуры і кашулі. А ёсць бедната, якая кожны дзень па сметніках лазіць. У мяне ёсць тры суседы, яны пастаянна харчуюцца са сметніц — адзін сляпы, другі бомж і трэці таксама бомж. І паспрабуй недзе ўладкуйся на працу. Я не ведаю, што яны будуць рабіць з тымі, хто не працуе, і як яны будуць з іх мільёны браць”.

 

Мужчына сярэдняга веку: “Не, дык відаць, калі зарабляў адзін заробак, а цяпер робіш тое самае і атрымліваеш меншы заробак. Ад нечага даводзіцца адмаўляцца, эканомім…”

 

Мужчына сярэдняга веку: “Даходы зменшыліся, даводзіцца эканоміць, у нечым сабе адмаўляю, купляю толькі самае неабходнае — неяк так і жывём…”