На гарналыжнай трасе ў Каробчыцах за 10 дзён зламалі палову сноўбордаў, наведвальнікаў было ў шэсць разоў больш за норму

|

Планы і рэальнасць


Тое, што доўгія святочныя выходныя на “Алімпе” сталі самымі напружанымі працоўнымі днямі гарналыжнага парка, падцвердзіў начальнік фізкультурна-спартыўнага комплексу Віктар Шумель.

Віктар Шумель – новы начальнік фізкультурна-спартыўнага комплекса. Мае юрыдычную адукацыю, катаецца на горных лыжах і сноўбордзе, але яшчэ больш любіць бегаць – мае ў досведзе не адзін дзясятак марафонаў і некалькі звышмарафонаў


Па словах Віктара, планаваная прапускная здольнась комплекса складае ад 500 да 1000 чалавек у дзень. Сёлетні сезон планаваўся як тэставы. З-за адсутнасці натуральнага снегу і з прчыны цёплага надвор’я ўдалося падрыхтаваць толькі адзін спуск з чатырох.

 

На гарналыжнай трасе ў Каробчыцах рыхтуюць снег для гарадзенцаў (+ новыя цэны на паслугі комплекса)

 

У такіх умовах планавалася абслугоўваць каля 500 наведвальнікаў у дзень. Рэальна цягам доўгіх калядных выходных “Алімп” прымаў штодзённа каля 2000 чалавек, а ў некаторыя дні наведвальнасць даходзіла да 3000.

 

Такім чынам “тэст” рэальна ўдаўся. У сэнсе, паказаў усе слабыя месцы ў арганізацыі працы і патрэбныя накірункі для выпраўлення сітуацыі.

 

Сноўборды сталі ахвярамі недасведчанасці карыстальнікаў


Што тычыцца абсталявання, то ў самым вялікім дэфіцыце аказаліся сноўборды. Ад пачатку сезона іх было 20 штук, але ўжо праз тыдзень засталося толькі 11. Слабым звяном абсталявання аказаліся пластыкавыя раменчыкі мацавання. Са словаў інструктара па сноўбордзінгу Паўла Пася, прычынамі іх паломкі сталі і вялікія маразы, і недасведчанасць карыстальнікаў. На холадзе пластык рабіўся крохкім і ламаўся нават ад параўнальна невялікіх нагрузак, а большасць ахвотных пакатацца на сноўбордзе карысталіся абсталяваннем упершыню і не ведалі, як гэта рабіць правільна.

 

Масавая паломка сноўбордаў стала непрыемным сюрпрызам і для супрацоўнікаў комплекса: абсталяванне новае і нятаннае – разлічвалі, што яно будзе больш трывалым. Віктар Шумель кажа, што цягам тыдня вырашыцца пытанне з заменай раменчыкаў і сноўборды вернуцца ў актыўны пракат. З яго словаў, ужо ў наступным сезоне колькасць сноўбордаў значна павялічыцца. Набыць іх хутчэй складана, бо ў Беларусі знайсці вялікую колькасць такога абсталявання не змаглі, а пакупка за мяжой мае даволі працяглую працэдуру.

Падчас калядных святаў у пункце праката вольных лыжаў у стойках не было

 

Лыжы, а іх тут 200 пар, выпрабаванне каляднымі святамі прайшлі без страт. Эксплуатацыя аднак паказала, што і яны патрабуюць абслугоўвання. Ужо зараз арганізавана змазка лыжаў, хутка ў складзе супрацоўнікаў парка з’явіцца “сэрвісмэн”, што будзе займацца падтрыманнем абсталявання ў добрым стане. Гэта дазволіць павысіць і якасць катання, бо зараз, асабліва ў адліжнае надвор’е, рэдка хто можа даехаць нават да паловы схіла.

Павел Пась, інструктар па сноўбордзінгу ФСК “Алімп”. З яго словаў, лягчэй за ўсё засвоіць тэхніку катання на сноўбордзе будзе тым, хто ўмее катацца на скейце ці сёрфінгу. Але навучыць правільна і бяспечна карыстацца сноўбордам ён абяцае кожнага


Таксама праблемным стаў і пошук персанала. Зараз на  “Алімпе” працуюць два інструктары па сноўбордзінгу, а інструктара па горных лыжах пакуль знайсці не ўдалося. У Беларусі такіх спецыялістаў не рыхтуюць, атрымаць сертыфікат можна за мяжой. Карыстаючыся магчымасцю звярнуцца да чытачоў “Твайго стылю”, Віктар Шумель запрашае ахвотных горналыжнікаў, што маюць досвед і адчуваюць здольнасць да інструктарскай працы, скарыстаць з адкрытай вакансіі.

 

Адносна вялікіх чэргаў і тлуму ў памяшканні пракату, Віктар Шумель тлумачыць, што, па-першае, памяшканне проста надта малое, а па-другое, сітуацыя была новай як для персанала, так і для наведвальнікаў. Літаральна праз пару дзён людзі ўжо ведалі, каму куды ісці, не заміналі адно аднаму, а супрацоўнікі навучыліся хутчэй абслугоўваць наведвальнікаў.

 

Пад Гродна адкрыўся гарналыжны цэнтр “Алімп”: першы дзень працы, вялікія чэргі і першыя траўмы

 

Вырашыць праблему з чэргамі можна некалькімі шляхамі. Найперш гэта новае памяшканне большых памераў, якое плануюць пабудаваць да пачатку будучага сезона. Новы будынак размесціцца бліжэй да схілаў і пад’ёмніка і будзе абсталяваны турнікетамі плацёжна-прапускной сістэмы для рэгулявання патокаў людзей. У якасці запаснога варыянта абмяркоўваецца электронная чарга. Калі надвор’е будзе спрыяць доўгаму снежнаму сезону, дыстанцыйная рэгістрацыя можа з’явіцца яшчэ ў гэтым годзе.

 

Што прыемнага пасля святаў?

 

У панядзелак пасля выходных на горках было адноснае зацішша – толькі каля 200 наведвальнікаў, але з кожным наступным днём іх колькасць павялічваецца і зараз складае каля 400 чалавек на дзень.

 

Прыемна, што няма чэргаў, персанал у пракаце ўважліва дапамагае падабраць абсталяванне, а схіл практычна вольны. Таксама радуе, што ў будні можна пакатацца танней. Зніжкі ёсць практычна на ўсё абставяванне, кошты ніжэй чым у выходныя на 20-30%.

 

Так выглядае схіл ў буднія дні. Здаецца, што горка амаль пустая, але пры такой загрузцы за дзень тут адпачывае да 400 чалавек


Калі марознае надвор’е будзе стала трымацца надалей, плануецца заснежванне вялікай гары, каб патэсціраваць і яе эксплуатацыю.