У Гродне можа з’явіцца новая студыя гуказапісу: спонсараў шукаюць праз краўдфандзінг

|

Студыя за 368 млн рублёў

 

На сайце talaka.by працуе платформа “Талакошт”, дзе беларусы могуць рэалізаваць сацыяльна важны праект, прывабіўшы спонсараў і валанцёраў. З 2013 года на платформе рэалізавалі ўжо 43 праекты. Адзін з апошніх поспехаў – выданне гульні “Мова”. Такой магчымасцю вырашыла скарыстацца і Алена Салімбаева з Гродна.

 

Алена працуе на адным з прадпрыемстваў горада, але сям’я ў яе музыкальная: бацька – музыкант-аматар, сястра – оперная спявачка. Сама Алена два гады грае на гітары і спявае. На яе думку, у Гродне не хапае якасных студый гуказапісу, і яна хоча паспрыяць іх з’яўленню. Такая задумка з’явілася яшчэ два гады таму, але ўласных сродкаў не хапала. Сяброўка расказала ёй пра “Талакошт” і Алена размясціла свой праект.

 

Зараз праект выкананы на 19%. Кошт студыі – 368 млн рублёў. На дадзеным этапе патрэбны спонсары, пазней узнікне патрэба ў валанцёрах і партнёрах. Студыя будзе выкарыстоўвацца не толькі для запісу музычнага матэрыялу, але і для закадравай агучкі рэкламных ролікаў, правядзення рэпетыцый і канцэртаў. Таксама тут можна будзе перавесці запісы з касет і аналагавых носьбітаў у лічбавы фармат.

 

Для поспеху гуртам не хапае толькі якаснай студыі?

 

Студыя робіцца перадусім для рок-музыкантаў, бо сама Алена – прыхільнік гэтага гатунку. “Па апытаннях, самы папулярны жанр у краінах СДН – гэта шансон. Далей ідзе поп, а рок на апошнім месцы, – кажа Алена. – Мы хочам зрабіць рок папулярным”. У апісанні праекта сказана, што каб саставіць канкурэнцыю  Megadeth, Accept, Metallica, беларускім бэндам не хапае толькі рэпетыцыйных кропак і якасных студый гуказапісу.

 

У Алены ёсць каманда з трох музыкаў і гукарэжысёраў з музычнай адукацыяй і вопытам працы 20-25 гадоў. Студыя зможа прапанаваць запіс, звядзенне, мастэрынг і цюнінг. У перспектыве каманда будзе займацца прадюсіраваннем і прасоўваннем музыкантаў па краінах, дзе ёсць партнёрскія сувязі – Аўстрыі, Швецыі, Нарвегіі, Англіі, Германіі. З відаў рок-музыкі вітаецца перадусім меладычны рок. Пэўных патрабаванняў да музыкаў няма, але іх тэксты не павінны быць вульгарнымі.

 

Студыя дапаможа, але не стане панацэяй

 

Мікалай Скрабец, музыка і стваральнік рэпетыцыйный кропкі “Кропка.BY”, упэўнены, што за пазначаны ў праекце кошт студыю не абсталюеш. Да таго ж, для студыі патрэбна памяшканне спецыфічнай формы, у выглядзе купала. У Гродне такое месца ёсць у Тэатры лялек. Алена ж кажа, што купіць апаратуру па ніжэйшых цэнах – цалкам магчыма. Памяшканне, з яе словаў, грае не такую важную ролю, як апаратура і ўмелыя рукі рэжысёраў, іх уласны вопыт і вопыт замежных калег. “Гэта не значыць, што апаратура будзе вельмі дарагой, але яна будзе якаснай”, – запэўнівае Алена.

 

На пытанне, ці патрэбна ў горадзе яшчэ адна студыя, музыкі адказалі па-рознаму. Барыс, гітарыст гурта “S’n’D” згаджаецца, што добрай студыі ў Гродне не хапае – даводзіцца ездзіць у Мінск ці нават запісвацца дома. Але ён не лічыць, што менавіта з-за адсутнасці студыі беларусы не могуць скласці канкурэнцыю замежнкікам. “Хутчэй справа ў ляноце і недахопе магчымасцей у саміх музыкаў”, – кажа ён.

 

“Кропкі і студыі ёсць, – кажа Уладзіслаў Бернат, вакаліст “СДС: Вышэй за зоры”, – але колькасць гуртоў расце як на дражджах. І лепш рабiць нешта дасягальнае для не надта багатых людзей, бо не кожны мае грошы”. Аляксандр Міхалёў, гурт “7 минут жизни”: “Сапраўды, у Гродне няма якасных студый запісу жывых інструментаў. Таксама няма гукаінжынераў, якія маглі б якасна працаваць з якасным абсталяваннем на ўзроўні ХХІ стагоддзя”.

 

Што патрэбна для паспяховай працы працы студыі? “Веданне гатунку і разуменне, што павінна атрымацца”, – кажа Алена Салімбаева. Яна кажа, што беларускі рок пакуль не мае сваіх спецыфічных рысаў, а на пытанне, якім ён будзе, адказвае: “Убачым!”

 

Илюстрацыйнае фота energy-records.ru