Змены ў законе пра Карту паляка параўналі з дзеяннямі Сталіна
14 студзеня ў польскім Сейме праходзіла чытанне абноўленага праекта закону пра Карту паляка. Напярэдадні дэпутатам даслала ліста з запытаннем Канфедэрацыя грамадзян Крэсаў Рэчы Паспалітай – арганізацыя створаная 2 кастрычніка 2015 года ў Варшаве ў так званы Дзень адзінства крэсавякаў. Яе чальцы, што трымаюцца правых поглядаў, не падтрымліваюць дзеянні цяперашняга правага ўраду. Пра гэта піша сайт kresy.pl.
У лісце актывісты пішуць, што новы праект закону “стварае ўмовы для рэпатрыяцыі, а ў выніку і поўнай дэпаланізацыі польскай дзяржаўнай тэрыторыі першай і другой Рэчы Паспалітай, да асіміляцыі палякаў”. Аўтары ліста лічаць, што польская дзяржава “прапануе палякам грошы ўзамен за выезд з радзімы” і параўноўваюць гэта нават са сталінскімі дэпартацыямі, бо вынікам будзе такое ж як у часы сталінізму аслабленне польскасці і знішчэнне крыніц польскай нацыянальнай свядомасці на гэтых землях.
Аўтары таксама лічаць, што праверка на веданне польскай мовы “прыніжае” беларускіх палякаў. Маўляў, мноства нашчадкаў польскі грамадзян у Еўропе і ЗША мае пацверджанае польскае грамадзянства наогул без ведання мовы.
Таксама ў лісце ёсць запытанне пра магчымасць прызнаць палякам з даўніх Крэсаў выбарчае права ў Польшчы ці наогул грамадзянства: “Польскія грамадзяне павінны мець магчымасць хадайнічаць да ўладаў аб пацвярджэнні грамадзянства для блізкіх сваякоў, што жывуць ў краінах былога СССР”.