Каляды скончыліся, а цуды працягваюцца: французкія валанцёры падаравалі дзецям з хоспіса чароўны спектакль

|

Марыя Бразінская, псіхолаг дзіцячага хоспіса, расказала, што візіты актораў з аб’яднання “Тэатро” сталі ўжо добрай традыцыяй. Сёлета французскія валанцёры наведаліся ў Гродна чацвёрты раз. Сустрэчы з імі гэта магчымасць для дзяцей пазнаёміцца з іншай культурай і атрымаць сяброўскую падтрымку. Кожны год спектаклі ладзяць новыя акторы, што прыязджаюць ў мінскі Купалаўскі тэатр у межах міжнародных абменаў. Таму імпрэзы не падобны адна да адной і нязменна праходзяць з аншлагам.

 

На спектаклях валанцёраў з аб’яднання “Тэатро” – заўсёды поўная зала


Гэтым разам гарадзенская публіка пабачыла гісторыю пра сям’ю, дзе хворую маму вылечыў калядны цуд. Гледачы чаравалі разам з Санта Клаўсам і яго дачкой, каб надаць магічную сілу амулету, што спраўдзіў запаветнае жаданне дзяўчынкі – вылечыць хворую маму.

 


Дэльфін Аэфтон, акторка са Швейцарыі, што выконвала ролю мамы, казала, што пад час спектаклю няспынна адчувала падтрымку гледачоў: “Спачатку адгукнуліся самыя маленькія, што сядзелі ў першых шэрагах, а за імі паступова ўся зала з энтузіязмам уключылася ва ўзаемадзеянне”. Паводле Дэльфін, найважнейшае для актораў гэта адчуванне агульнай энергетыкі з гледачамі і аб’яднанне ўсіх праз ідэі дабрыні. Яна кажа, што галоўнай магіяй, як у казцы, так і ў жыцці, з’яўляюцца энтузіязм і ўзаемная падтрымка. “Калі мы бачым, што ўдалося данесці гэты пасыл, то адчуваем мноства станоўчых эмоцый – гэта проста выдатна”.

 

Дэльфін Аэфтон (на здымку ў цэнтры) кажа, што ўвесь час адчувала падтрымку гледачоў


Вольга Шульга, кіраўнічка дзіцячага хоспіса, шчыра дзякавала ўсім, хто спрычыніўся да каляднага цуда і ўручыла ганаровыя лісты прадстаўнікам музея, аб’яднання “Тэатро” і асацыяцыі “Мераблеа” з літоўскага Алітуса. Апошняя арганізацыя аб’ядноўвае бацькоў, чые дзеці маюць інваліднасць, і яе прадстаўнікі завіталі сёлета ў Гродна.

 

Вольга Шульга дзякуе ўсім, хто дапамог адбыцца святу і падтрымлівае дзіцячы хоспіс ў штодзённай дзейнасці

 

Гітана Пенкявечене з Алітуса кажа, што для іх арганізацыі гарадзенскі дзіцячы хоспіс – вельмі добры прыклад: “Наша арганізацыя яшчэ маладая, і мы рады магчымасці паглядзець, як тут працуюць, каб пасля ладзіць падобныя акцыі дома”.

 

Гітана Пенкявечене (на здымку зправа) і прадстаўнікі літоўскай асацыяцыі бацькоў, чые дзеці маюць інваліднасць, прыязджаюць да гарадзенскіх калегаў, каб пераймаць іх досвед


Пасля спектакля ўсе маленькія гледачы атрымалі казачныя сюрпрызы – паштоўкі з каляднымі пажаданнямі, што напісалі для іх гарадзенцы.

 

Студэнты-валанцёры дзіцячага хоспіса перадаюць дзецям паштоўкі з каляднымі пажаданнямі ад гарадзенцаў

 

У тое, што ўсё магчыма на Растово, паверыў і сам Санта Клаўс. Нечакана для сябе ён таксама атрымаў персанальны падарунак. Анёла з папяровай саломкі для яго сплялі Наталья Ненартовіч разам з сынам Юрам.