Ля польска-літоўскай мяжы затрымалі рэкордную кантрабанду цыгарэт. Яе вёз беларускі дальнабойшчык
38-гадовы кіроўца, грамадзянін Беларусі, казаў, што перавозіць у Чэхію паперу. Гэта ж было напісана і ў дакументах. Аднак мытнікі вырашылі праверыць машыну з дапамогай рэнтгена, а потым абшукаць прычэп. Высветлілася, што ў каробках замест паперы – цыгарэты без акцызных знакаў.
Супраць кіроўцы распачатая крымінальная справа, у яго адабраныя груз і грузавік з прычэпам. Яны могуць быць канфіскаваныя. Затрыманаму пагражае пакаранне нават да 10 год пазбаўлення волі. Мытнікі правяраюць, адкуль паходзяць цыгарэты і куды іх мелі даставіць.