“Што мне гэты долар, калі няма ні працы, ні заробку…” – апытанне ў Гродне

|

 

Маладая жанчына: “Ведаеце, у нас такі заробак, што нават адкласці няма чаго, зусім няма чаго. Рэальна атрымліваецца, каб адправіць дзяцей у школу, і хапае толькі на харчы…”

 

Мужчына сярэдняга веку: “У мяне няма зберажэнняў — адны крэдыты, і мушу толькі працаваць і сплачваць. Вось і ўсё…”


Малады мужчына: “Мне гэта ўсё без розніцы. Што мне гэты долар, калі няма ні працы, ні заробку? Мне гэта нецікава. І зберажэнняў няма такіх, каб думаць, што трэба долар купляць ці яшчэ нешта…”

 

Жанчына пенсійнага веку: “Ну чаму ж я не рэагую — я ж разумны чалавек. Я добра разумею сітуацыю, а таму, калі маю нейкую капейку, то купляю долары. Ужо колькі гадоў долар трымаецца на арэне, і ён каштоўны, важны, то як я магу не разумець гэтага? А нейкая капейка павінна быць у хаце, бо мала якая бяда здарыцца, і трэба нейкі запас мець у хаце”.

 

Мужчына сярэдняга веку: “Частку грошай, якія неабходныя на пражыццё, пакідаем, а за астатнія купляем ці долары, ці еўра. Спрабуем нешта камбінаваць. Канечне, гэта няшмат, але хоць нейкія грошы трэба мець, бо кожны рубель, кожныя сто рублёў — гэта таксама важна”.

 

Малады мужчына: “Калі ёсць неабходнасьць набыць замежную валюту, то варта набываць у межах разумнага. Але не так, калі людзі бачаць, што долар расце, то пачынаюць скупляць на ўсе грошы. А потым ён можа апусціцца, і чалавек страціць”.

 

Мужчына пенсійнага веку: “На пенсію асабліва не разгонішся, але калі застаюцца грошы, то варта купіць долары, альбо хоць на кніжку пакласці. Чым дома ў панчосе трымаць, то няхай хоць нейкія адсоткі капаюць…”