Да 2025 года колькасць жыхароў Скідзеля можа павялічыцца з 10 да 17 тыс. чалавек

|

Межы горада пашырацца за кошт уключэння ў іх вёскі Некрашы. Запланавана ўзвесці некалькіх новых раёнаў жылой забудовы – агулам жыллёвы фонд горада-спадарожніка Гродна мае вырасці з 249,3 да 511,7 тыс. кв.м. Жыллё ў Скідзелі збудуюць як для мясцовых жыхароў, так і для гарадзенцаў. У новых раёнах павінны з’яўляцца аб’екты сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, новыя вытворчасці, прадпрыемствы сферы паслуг.

 

У Скідзелі абласныя ўлады лічаць мэтазгодным стварыць участак свабоднай эканамічнай зоны. Дадатковая занятасць насельніцтва мае скласці 3,3 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. у абслугоўванні.

 

Зацверджаны генеральны план горада-спадарожніка стане асновай для фарміравання рэгіянальнай горадабудаўнічай палітыкі, распрацоўкі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, іншых галіновых праграм і схем развіцця горада ва ўвязцы з абласным цэнтрам на кароткатэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. Ён забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне тэрыторыі для патрэб гарадскога будаўніцтва, размяшчэння жылых тэрыторый, вытворчасцей, аб’ектаў сацыяльнай, транспартнай і інжынернай інфраструктуры.

 

Фота Андрэй Матусаў, panoramio.com