Выпускнік ГрДУ Пэн Шэнь працуе ў гарадзенскай школе: выкладае кітайскую мову і вучыць рабіць сушы

|

Пэн жыве ў Гродне ўжо 3,5 гады. За гэты час ён паспеў скончыць універсітэт, у якім зараз працуе. А яшчэ ён пачаў выкладаць кітайскую мову ў школе. Пэн кажа, што кітайская мова ўсім цяжка даецца, але адразу дадае, што руская мова для замежніка – яшчэ цяжэй за кітайскую або японскую. Хоць у рускай адзін толькі алфавіт, а ў кітайскай – і іерогліфы, і алфавіт.

 

У Кітаі Пэн вучыўся ва ўніверсітэце горада Ланчжоў. Скончыўшы адну ўстанову, ён вырашыў працягнуць адукацыю і абраў рускамоўную краіну.


– Спачатку я быў на падрыхтоўчых курсах у Мінску. Скажу шчыра, у сталіцы мне не спадабалася. Занадта шумна і шматлюдна. Ды і мінчане вельмі непрыязныя. У Гродне лепш. Калі скончыў падрыхтоўчую праграму, я павінен быў абраць горад, дзе працягну вучобу. Я хацеў выбраць самае лепшае месца. І таму зараз я ў Гродне.

 

Гродна Пэн палюбіў з першага погляду. Калі ён яшчэ быў у Мінску і пытаўся ў людзей на вуліцы, дзе знаходзіцца метро, усе адказвалі: “Мы не ведаем”. Калі ж упершыню патрапіў у Гродна, то спытаў у першай сустрэчнай дзяўчыны дзе знаходзіцца аўтавакзал. Гарадзенка без лішніх слоў узяла пад руку кітайца і правяла да самага вакзала.


Пэн лічыць, што вывучаючы мову нельга ўвесь час толькі чытаць і пісаць. “На апошнім занятку мы прапанавалі дзецям асвоіць азіяцкую кухню, яны з радасцю пагадзіліся. Выбралі сушы. Звечара мы падрыхтавалі дома ўсё інгрэдыенты і матэрыялы, а на наступны дзень прынеслі іх у школу. Там паказалі, як правільна рабіць сушы. Дзеці хутка навучыліся і сталі самі гатаваць. У іх гэта вельмі добра атрымлівалася”.


 

Наперадзе кітайскі Новы год і Пэн ужо абдумвае, што незвычайнага падрыхтаваць для школьнікаў, якія з вялікай цікавасцю вывучаюць мову і культуру Кітая.