У прыватным сектары ў Гродне знайшлі “лішнія” соткі. Іх адбяруць ва ўладальнікаў і прададуць з аўкцыёну

|

Удзельнікі схода ў межах грамадскага абмеркавання праекта ўшчыльнення Вішняўца


Пачнуць з Вішняўца, а потым ушчыльняць іншыя вёскі


Не так даўно жыхары былой вёскі Вішнявец даведаліся, што іх прысядзібныя надзелы “в подавляющем большинстве вошли в противоречие с законодательством”. Вінаватымі вішнявецкіх гаспадароў зрабіў той факт, што вёска ўвайшла ў межы горада. У бытнасць вяскоўцамі людзі атрымалі надзелы плошчаю да 25 сотак, а зараз, стаўшы гаражанамі, не маюць права мець пры хаце больш за 10 сотак.

 

З двара школы №38 новая гарадская вуліца Вішнявец пакуль выглядае так

 

Генеральны план забудовы горада ад 2002 года прадугледжваў, што вёска ўвальецца ў межы абласнога цэнтра, аднак і пасля гэтага тэрміну людзі атрымлівалі ў пажаццёвае карыстанне з правам перадачы ў спадчыну надзелы большай, чым дазволена ў горадзе, плошчы. Зараз магчымасць “ушчыльнення” з пункты гледжання чыноўнікаў і архітэктараў цалкам абгрунтаваная. Паводле заканадаўства, змяншаць зямельныя надзелы можна, напрыклад, у выпадку “дзяржаўнай неабходнасці” –  менавіта такой неабходнасцю тлумачылі жыхарам былой вёскі чарговы перадзел зямлі.

 

Гарвыканкам прыняў рашэнне аб ушчыльненні забудовы былой вёскі, апелюючы да “дзяржаўнай неабходнасці”

 

Са словаў архітэктараў, рост горада “у палі” зараз абмежаваны, а колькасць жыхароў нязменна павялічваецца. Таму ці не адзінай магчымасцю ўзводзіць новую забудову ў Гродне з’яўляецца “ўшчыльненне”. Вішнявец стаў першым месцам, дзе гэту стратэгію спрабуюць прымяніць. Надалей, кажуць спецыялісты, той самы лёс чакае і ўладальнікаў прысядзібных ўчасткаў у іншых вёсках, што ўліліся ў межы горада.

 

Адказваючы на пытанне пра лёс участкаў у іншых вёсках – Солах, Малахавічах ці Калбасіно, Генадзь Таламанаў, начальнік упраўлення архітэттуры і будаўніцтва Гродненскага гарвыканкама, патлумачыў, што ў Солах і Малахавічах захаванне сядзібнай забудовы не прадугледжваецца генпланам, а ў Калбасіно і іншых вёсках, што ўвайшлі ў межы Гродна, прысядзібныя ўчасткі таксама будуць паменшаны з улікам “гарадскіх” нормаў

 

Раней было “адняць і падзяліць”, зараз “выкупіць і прадаць”


Жыхароў былой вёскі вельмі цікавілі ўмовы, на якіх “забяруць” зямлю – маўляў, мы ж за яе заплацілі. Грошы за частку надзелаў, што адыдуць гораду, людзям абяцаюць заплаціць паводле кадастравага кошту. Але для ахвотных пазней купіць тыя самыя надзелы цана будзе ўжо іншай – участкі пад застройку будуць выстаўлены на аўкцыён і прададзены таму, хто здолее заплаціць большую суму. Калі ж жыхары пыталіся, ці могуць яны самі прадаць частку “лішняй” зямлі, то адказам было звыклае “не паложана” – заканадаўства не прадугледжвае магчымасці для прыватнай асобы продажу часткі ўчастка.

 

Старэйшыя жыхары былой вёскі, мабыць у спробах знайсці менш балючы варыянт новага суседства, пыталіся пра магчымасць перадаць наноў сфарміраваныя надзелы дзецям, што стаяць у чарзе на ўчасткі ці кватэры. Аднак універсальнае “не паложана” гучала ў адказ і тут. Дзеці могуць удзельнічаць у аўкцыёне і ў выпадку перамогі набыць тут участак, але – толькі на агульных умовах. Ніякіх прэферэнцый для мясцовых жыхароў не прадугледжана.

 

Частка эскіза планаванай забудовы – новыя дамы пазначаны сінім колерам, а прысядзібныя ўчасткі гаспадароў з былой вёскі зменшаны больш чым на палову


У туалет хадзіць да суседзяў?


Таксама з болем пыталіся людзі і пра лёс гаспадарчых забудоваў на тых частках надзелаў, што хутка адыдуць у распараджэнне горада. Нехта з новых гараджан зразумеў, што застаецца без цяпліцы ці гаража, а іншыя са здзіўленнем усвядомілі, што іх па закону зацверджаныя і пабудаваныя выграбныя ямы мясцовай каналізацыі і туалеты раптам аказаліся за новымі межамі ўчасткаў. Амаль кожны гаспадар пазбаўляецца і часткі сада.

 

Амаль пры кожнай вясковай хаце ёсць сад. Ці захаваюцца дрэвы, каму будуць належаць і ці будуць кампенсаваць іх страты – хвалюе кожнага гаспадара з былой вёскі


Уся страчаная маёмасць будзе ацэнена і яе кошт кампенсаваны – запэўніваюць жыхароў. Але хіба ёсць і страты, якіх кампенсаваць не атрымаецца: “Яблыню гэту мой бацька пасадзіў, гэта ж памяць аб ім…” – амаль са слязамі ў вачах ціха прамаўляе жанчына сярэдніх гадоў. “Я ж гэтую зямельку вось гэтымі рукамі ўсё жыцё апрацоўваў, душу ў яе ўкладаў…” – сівы мужчына ў роспачы працягвае спрацаваныя далоні ў бок прадстаўнікоў улады. Адказаў на такія пытанні нарматыўныя дакументы не прадугледжваюць. Асобны чалавек са сваімі душэўнымі стратамі ў фокус увагі заканадаўчых актаў не патрапляе.

 

Давялося чыноўнікам выслухаць і мноства непрыемных пытанняў – кшталту, ці не сорамна глядзець людзям у вочы і як будзе жыць на новых надзелах тым, хто купіць іх з аўкцыёна. Вяскоўцы баяцца, што ні ім, ні новым суседзям не будзе эмацыйна камфортна ад такога рашэння.


Мікалай Дрэвіла, дэпутат па Стралкоўскай выбарчай акрузе № 22, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Аўтобусны парк №1″


“Яшчэ не сёння…”


Ці не адзіным аргументам каб супакоіць публіку заставаліся не хуткія яшчэ тэрміны канчатковай рэалізацыі праекта. Першы этап працягнецца да 2022 года. Цалкам, з пашырэннем вуліц, пракладкай новых сетак і развіццём інфраструктуры, праект мусіць быць рэалізаваны да 2030 года.

 

Галоўны архітэктар “Гроднасельбудпраекта”, дзе выконваўся праект, Леанід Сіліч, распавядае пра забудову ўжо гарадскога Вішняўца

 

Грамадскае абмеркаванне праекта, у межах якога і адбывася сустрэча, было аб’яўлена 29 снежня 2015 года і працягнецца да 22 студзеня 2016 года. Фармальна тэрмін абмеркавання – 25 каляндарных дзён – датрыманы, але з улікам вялікай колькасць навагодніх і калядных выходных ён атрымаўся амаль напалову карацейшым. Тым не меней, прапановы і заўвагі, паданыя пасля 22 студзеня, не будуць прынятыя да разгляду, папярэджвае упраўленне па архітэктуры і будаўніцтву. Азнаёміцца з праектам можна тут.

 

Канчатковае рашэнне па праекце будзе прынята 25 студзеня на паседжанні Гродзенскага гарвыканкама, у якім мае права ўзяць удзел ініцыятыўная група жыхароў у складзе не больш за тры чалавекі.

 

Здымкі аўтаркі