Польская чыгунка канчаткова адмаўляецца ад цягнікоў у Гродна ў 2016 годзе

|

У снежні міністэрства паведамляла, што будзе разглядаць магчымасці вярнуць памежны рух на чыгунцы. Для гэтага трэба было знайсці дадатковыя грошы. Адным з аргументаў было вялікае значэнне цягніка на адрэзку Гродна-Кузніца, у тым ліку для беларускіх палякаў.

 

Аднак у сярэдзіне студзеня стала вядома, што ў 2016 годзе польская электрычка на гродзенскі вакзал так і не прыедзе. “Рашэнне міністра ў гэтай справе не змянілася”, – пацвердзіла профільнаму выданню “Rynek kolejowy” прэс-сакратар міністэрства Эльжбета Кісіл. Фінансаваць стратны цягнік не хоча і маршалак Падляшскага ваяводства. Пры гэтым немэтазгоднымі лічацца абодва прапанаваныя варыянты: кароткі з Гродна да Кузніцы і Беластока, і доўга з Гродна да Варшавы.

 

Прадстаўнічка міністэрства тлумачыць, што ранейшыя цягнікі з Гродна ў Элк і Малкіню былі сталай крыніцай дэфіцыту ў бюджэце чыгункі і не карысталіся папулярнасцю. Паводле інфармацыі фірмы Przewozy Regionalne, у 2014 годзе з кожнага з цягнікоў у Гродна скарысталася ў сярэднім 70 пасажыраў.

 

Іншая прычына адмены – высокая канкурэнцыя з боку аўтобусных перавозчыкаў. Ды і запланаваных на 2016 датацый не хапіла б на год спраўнай працы цягніка.

 

Праўда, польскае міністэрства не выключае, што ў сёлетнім раскладзе, магчыма, яшчэ адбудуцца нейкія змены датычна міжнародных цягнікоў. “Яны маглі б быць звязаныя з непрадбачанымі прычынамі або мадэрнізацыяй інфраструктуры, што трывае”, – загадкава кажа Эльжбета Кісіл.

 

Фота gazeta.pl