Эксперыментальная гасцёўня ў тэатры лялек сабрала сапраўдны аншлаг

|

Аляксандр Цебянькоў


Распачынаючы новы праект, Аляксандр Цебянькоў, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячоў і вядоўца вечара, хацеў аб’яднаць мясцовых аматараў мастацтва вакол тэатра і пазнаёміць іх з эксперыментальнымі формамі яго існавання. Запоўненая гледачамі зала паказалі, што ў Гродне такую ініцыятыву падтрымліваюць. Уласна Аляксандр і пачаў вечар баладай пра артыста.

 

“Тэатр як фантан – павінен бурліць ідэямі”. Аляксандр Цебянькоў пра незвычайныя тэатральныя падзеі студзеня


Аляксандр Енджэеўскі з тэатру лялек і Васіль Мініч з драмтэатру ў кароткай інтэрмедыі амаль без слоў паразважалі над лёсамі мастацтва, а Ірына Купчанка, сцэнічны вобраз якой увасобіў “смерць мастацта”, пачытала вершы Хармса.

 

 Васіль Мініч і Аляксандр Енджэеўскі 


Ірына Купчанка

 

Васіль Прабадзяк у гасцёўні разважаў пра філасофію спажывання гарэлкі, “правільныя” гранёныя шклянкі і рыжыкі ў смятане. 

 

Васіль Прабадзяк

 

Песня “Адліга” ў выкананні мастачкі-канструктаркі тэатра лялек Вікторыі Анціпінай магла б растапіць нават снег, не тое што сэрцы прыхільнікаў тэатра. Як высветлілася пазней, у гэты дзень яна адзначала свой  дзень нараджэння. Магчыма, зрабіць у гэты дзень падарунак гледачам – таксама частка новага тэатральнага  эксперымента.

 

Вікторыя Анціпіна

 

“Цвіком праграмы” стаў міні-спектакль “Як мы з Надзяй працавалі ў краме моднага адзення”, што прадставілі на суд публікі Аляксандра Літвінёнак і Вольга Авасількі.


 

Яскравы гумар і шчырасць выканання, разам з пазнавальнасцю створаных вобразаў, як найлепш адпавядалі фармату гасцёўні. Менавіта так і рэальныя гераіні маглі б з гумарам распавядаць знаёмым пра свае спробы знайсці месца ў жыцці і пошукі творчай працы. 

 

Аляксандра Літвінёнак і Вольга Авасількі


Па сканчэнню спектакля ахвотных падзяліцца ўражаннямі і прадоўжыць вечар запрасілі ў кавярню “Шэкспір”.

 

 

Чытай больш:

 

“На “Тутэйшых” будуць хадзіць доўга, бо ў іх пазнаюць сябе”. Гарадзенскі Тэатр лялек святкуе 25 год спектакля

 

“Да кожнага прыдзе свая Старая Дама” – развагі рэжысёра пра прэм’ерную пастаноўку ў тэатры лялек (відэа)