У Гарадзенскай вобласці засталося 106 чалавек старэйшых за 100 гадоў

|

Яшчэ пяць гадоў таму ў Гродне было 137 такіх чалавек, а ў цэлым па краіне было 637 доўгажыхароў. Сёння, па інфармацыі БелТА, у Беларусі іх засталося 531 чалавек, гэта на 17 менш, чым паўгода таму.

 

Сярод доўгажыхароў традыцыйна лідзіруюць жанчыны: больш за 100 год маюць 464 жанчыны і 67 мужчын.

 

На 1 ліпеня 2015 года ў краіне налічвалася восем чалавек, якія перасягнулі 110 гадоў. На сённяшні дзень такіх доўгажыхароў засталося пяць. З іх два чалавекі – жыхары Гарадзенскай і Мінскай абласцей – ва ўзросце 115 гадоў і старэй, яны нарадзіліся ў самым пачатку мінулага стагоддзя.

 

Сярод рэгіёнаў краіны лідарамі па колькасці доўгажыхароў доўгі час з’яўляюцца заходнія вобласцi. У Гарадзенскай вобласці на 1 студзеня 2016 года было 106 чалавек ва ўзросце старэй за 100 гадоў. У Мінскай вобласці – 94, у Мінску – 74. У Брэсцкай вобласці пражываюць 70 чалавек, якія ўжо адзначылі свой векавы юбілей, у Гомельскай – 69, у Віцебскай вобласці – 65, у Магілёўскай вобласці – 53.

 

Гарадзеншчына застаецца ў лідарах па колькасці доўгажыхароў (інфаграфіка)

 

Летам 2015 года гарадзенскі ўрач-тэрапеўт і спецыяліст па герыятрыі Ганна Станеўская ў размове з карэспандэнтам “СБ Беларусь сегодня” выказала меркаванне з нагоды доўгажыхароў:


– Думаю, што людзі, як і ўсе жывыя істоты ў прыродзе, праходзяць натуральны адбор, выжываюць самыя моцныя. Многія бацькі-доўгажыхары хаваюць сваіх дзяцей, таму доказаў прамой спадчыннай сувязі тут няма. Да таго ж людзі гінуць часта не ад хвароб у старасці, а ў выніку няшчасных выпадкаў. У народзе кажуць, што лёсам вызначана, каму колькі адмерана. Як лекар магу падзяліцца асабістымі назіраннямі. У нас у Беларусі няма горнага паветра, якое, на думку некаторых спецыялістаў, уплывае на даўгалецце ў іншых народаў. Я заўважыла, што нашым доўгажыхарам уласцівая моцная ўнутраная энергія, свайго роду прага жыцця. Бо многія людзі прайшлі праз наймацнейшыя выпрабаванні, войны, стрэсы і працягваюць жыць. Мабыць, гэта ўнутраны настрой на жыццё.

 

Фота: Гродзенская праўда