Порна, нацызм і лекарская таямніца. Чаго лепей не рабіць у інтэрнэце, каб не атрымаць судзімасць
Распаўсюджанне парнаграфіі
За размяшчэнне парнаграфічных файлаў ці спасылак на гэтыя файлы можна атрымаць ад двух да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Калі ў матэрыялах размешчаны непаўнагадовы, можна атрымаць і 13 гадоў. Парнаграфічнымі файлы павінна прызнаць адмысловая мастацтвазнаўчая камісія. Ці была пры размяшчэнні карысная або іншая мэта, не мае значэння. То бок, нават калі вы выпадкова дадалі на сваю старонку відэа парнаграфічнага зместу, вы трапіце пад адказнасць.
Распаўсюджваннем парнаграфіі лічацца лайкі і рэпосты ў сацсетках, калі яны бачныя іншым карыстальнікам, дадаванне відэа на сваю старонку, перадача праз мэсэнджары, дэманстрацыя трэцім асобам, перадача на другія прылады праз Bluetooth ці Wi-Fi, адпраўка праз асабістыя паведамленні і электронную пошту.
***
Прыклад
Напрыклад, жыхар Навагрудка за 14 відэа на старонцы, размешчаных на працягу чатырох гадоў, атрымаў два гады зняволення з адтэрміноўкай на адзін год.
Арт. 343 Крымінальнага кодэкса
Выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджвання або рэкламавання, цi распаўсюджванне або рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, малюнкаў ці іншых прадметаў парнаграфічнага характару, альбо публічная дэманстрацыя кіна- ці відэафільмаў парнаграфічнага зместу караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў.
Тое самае, але з удзелам непаўнагадовых караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў.
Размяшчэнне інфармацыі, што супярэчыць урачэбнай таямніцы
Згодна з законам “Аб ахове здароўя” ўрачы павінны захоўваць медычную таямніцу, паважліва і гуманна ставіцца да пацыентаў, захоўваць іх правы і прынцыпы медыцынскай этыкі. Сюды ж трапляе пункт аб нераспаўсюджванні фатаграфій, якія могуць раскрыць медычную таямніцу.
***
Прыклад
Лекар адной з устаноў аховы здароўя Гомельскай вобласці ў сваім акаўнце Укантакце размясціў фатаграфію чалавечага сэрца ў працэсе яго трансплантацыі. За што атрымаў папярэджанне і быў прыцягнуты для дысцыплінарнай адказнасці.
Закон “Аб ахове здароўя”
Арт. 41.
Пацыент мае права на:
[…]
паважлівае і гуманнае стаўленне з боку работнікаў аховы здароўя;
Продаж тытуню, алкаголю і чаго заўгодна праз інтэрнэт
Рэалізацыя алкагольных напояў, піва і слабаалкагольных напояў і тытунёвых вырабаў “з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій” была забароненая паводле пастановы ўрада ад 6 сакавіка 2006 года № 317 і дэкрэтам прэзідэнта №11 ад 9 верасня 2005.
Чыноўнікі кажуць, што гэта абарона пакупніка ад няякаснага, несертыфікаванага і кантрафактнага тавару. Таму не варта спрабаваць прадаць бутэлечку “з шопа” праз форум або Укантакце. Дарэчы, мінулай восенню былі размовы пра тое, каб гэтую забарону адмяніць.
Наогул жа, небяспечна можа быць прадаваць і іншыя новыя рэчы праз сеціва. Былі выпадкі, калі падатковая лічыла гэта незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Гэтак, гарадзенца аштрафавалі за спробу продажу на Гродзенскім форуме штукатуркі, якая засталася невыкарыстанай пасля рамонту. Нібыта ён меў плаціць з такой здзелкі падатак.
Парушэнне аўтарскіх правоў
За парушэнне аўтарскіх правоў у інтэрнэце упершыню ў Беларусі пакаралі ў Віцебску ў 2011 годзе. Праграміст скапіяваў сайт, які належыць іншай прыватнай кампаніі, і размясціў копіі ў інтэрнэце. На адной з падробак ён даў спасылку на сваю старонку, дзе рэкламаваў паслугі па стварэнні недарагіх сайтаў.
Суд прызнаў інжынера-праграміста вінаватым у незаконным выкарыстанні аб’екта аўтарскага права і аштрафаваў на 25 базавых велічынь (тады 875 тыс. рублёў). Усе копіі вінаваты выдаліў з інтэрнэту.
Арт. 9.21 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях
Незаконны распаўсюд ці іншае незаконнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права […] караюцца штрафам ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі.
Арт. 201 Крымінальнага кодэкса
1. Прысваенне аўтарства альбо прымус да сааўтарства […] караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або выхаваўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў.
2. Незаконнае распаўсюджванне або іншае незаконнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права […] учыненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне або спалучаныя з атрыманнем даходу ў буйным памеры, – караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.
3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой гэтага артыкула, учыненыя паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры, – караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Буйным памерам у гэтым артыкуле прызнаецца памер даходу (шкоды) на суму, што ў пяцьсот і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, устаноўлены на дзень здзяйснення злачынства.
Варта памятаць, што парушыць аўтарскія правы можна рознымі спосабамі. Тэарэтычна, запісаўшы фрагмент канцэрта на відэа і выклаўшы яго ў інтэрнэт, вы парушыце аўтарскія правы. Парушыць аўтарскія правы можна нават “лайкнуўшы” такое нелегальнае відэа – такім чынам чалавек нібыта ўдзельнічае ў яго распаўсюджванні.
Абраза
За абразу ў інтэрнэце карыстальнік Гродзенскага форуму быў пакараны на суму больш за 1400 долараў. Бацьку карыстальніка сутрацоўнікі ДАІ аштрафавалі ў Мінску за тое, што ён заехаў пад забараняючы знак. Карыстальнік форума, студэнт ГрДУ, напісаў пра гэта на форуме, абразіўшы супрацоўнікаў ДАІ нецэнзурнымі словамі.
Суд Кастрычніцкага раёна цалкам прызнаў віну карыстальніка і ў адпаведнасці з ч.2 арт.189 Крымінальнага кодэкса прызначыў яму пакаранне ў памеры 100 базавых велічынь і пакрыццё маральнай шкоды ў 1 млн рублёў. Асуджаны з прысудам не пагадзіўся і падаў касацыйныя скаргі ў абласны і Вярхоўны суды, аднак прысуд пакінуты без змены.
Арт. 189 Крымінальнага кодэкса
1. Наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме (абраза), здзейсненае на працягу года пасля накладання мер адміністрацыйнага спагнання за абразу або паклёп, – караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.
2. Абраза, нанесеная ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, – караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
Паводле адміністрацыйнага кодэкса за абразу, здзейсненую ўпершыню, даецца штраф 4-20 базавых.
Паклёп
На форуме сайта lida.info з’явіўся ананімны ліст пра жыхара Ліды: пра тое, што ён здымае порна і стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Аўтара ліста не знайшлі і абвіначаванне выставілі рэдактару сайта. Ён заплаціў 3 млн кампенсацыі маральнай шкоды і аплаціў судовыя выдаткі. У судзе чалавек, на якога паклёпнічалі, паказаў даведку з дыспансера аб тым, што ён не вар’ят, і заключэнне адмысловай камісіі аб тым, што яго фатаграфіі – эротыка, а не парнаграфія.
Арт. 188 Крымінальнага кодэкса
1. Распаўсюд заведама ілжывых, ганьбячых іншую асобу выдумак (паклёп), здзейснены на працягу года пасля накладання мер адміністрацыйнага спагнання за паклёп ці абразу, – караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.
2. Паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо злучаны з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства, – караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.
Паводле адміністрацыйнага кодэкса за паклёп, здзейсненую ўпершыню, даецца штраф 10-30 базавых.
Дарэчы, за паклёп на прэзідэнта даюць большыя тэрміны – да пяці год.
Экстрэмізм і распальванне міжнацыянальнай і міжрасавай варожасці
У 2011 годзе пасля суіцыду дзяўчыны-падлетка, якая захаплялася ідэямі нацызму і публікавала на сваёй старонцы сімвалы фашызму, аказалася, што такіх падлеткаў нямала ў сацсетках. Вылічыць змалі ўсіх, нягледзячы на змененыя імёны і месцы жыхарства, адсутнасць фатаграфій, і тое, што карыстальнікі заходзілі праз проксі-серверы і праграмы для ананімнага сёрфінгу. Праўда, ім толькі прачыталі азнакамляльныя лекцыі і вынеслі папярэджанне.
Арт. 130 Крымінальнага кодэкса
1. Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, – караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той ж тэрмін.
2. Тыя ж дзеянні, злучаныя з гвалтам альбо учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой гэтага артыкула, учыненыя групай асоб альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.
Арт. 17.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях
Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі караюцца штрафам у памеры да дзесяці базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам з канфіскацыяй прадмета правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў яго здзяйснення.
Пад нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай маюцца на ўвазе: сцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі або іх копіі.
Арт. 17.11 КаАП
Выраб і (або) распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, – караюцца штрафам ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння.
Пра тое, як кожны зможа парушыць закон з красавіка 2016 года – чытайце TUT.
Ілюстрацыйнае фота magnesianews.gr