Хутка плэй-оф, а ў “Нёмана” тры паражэнні запар
“Нёману” ў гэтым сезоне яшчэ не ўдавалася абыграць леташняга чэмпіёна Беларусі. Каманды сустракаліся ў Гродне двойчы і ў абодвух матчах перамога заставалася за салiгарчанамi.
Да гэтага матчу “Нёман” падышоў у баявым настроі i практычна без траўм, ды і чырвона-чорныя жадалі перамогі, бо два апошнія матчы ў чэмпіянаце каманда Мілаша Голаня прайграла.
Першы перыяд гарадзенцы правялі добра, за выключэннем апошніх хвілін, калі каманда засталося ў меншасці. Госці скарысталіся шанцам і рэалізавалі колькасную перавагу.
Другі перыяд расчараваў гарадзенскіх заўзятараў, якія чакалі іншай гульні ад сваіх улюбёнцаў. “Нёману” яшчэ пашанцавала, што “Шахцёр” не падвоіў перавагу.
Здавалася б, гарадзенцы зайграюць ў трэцім перыядзе i змогуць парадаваць як гледачоў, так і спонсараў, якія ў вялікай колькасцi прыйшлі паглядзець на матч. Двадцаць хвiлiн выдалiся напружанымi, каманды па чарзе пагражалі варотам, але вызначыцца нікому не ўдалося. Не дапамагло “Нёману” і зняцце брамніка.
“Нёман” – “Шахцёр” 0:1 (0:1, 0:0, 0:0)
Галы:
18.56 0:1 – Дурноў (Ляўша, Андрушчанка, – бол.)
Да плэй-оф застаюцца чатыры матчы і “Нёман” ад пастаўленай задачы (трэцяе месца) адстае на дзевяць ачкоў. Справа ў тым, што вышэйшае месца ў рэгулярным чэмпіянаце дазваляе атрымаць больш зручнага суперніка ў плэй-оф.
Наступны матч чырвона-чорныя правядуць зноў супраць “Шахцёра”. Гульня пройдзе ў Салігорску 28 студзеня.