Чэмпіён свету з Гродна Дзмітрый Варац заўзее за Ды Капрыа, слухае Brutto і вучыць сына беларускай мове

|

У Тайландзе баец – як нацыянальны герой

 

Турнір “Top King” доўжыўся на працягу года. З усяго свету было адабрана 16 лепшых байцоў. Гарадзенец Дзмітрый Варац трапіў у паўфінал, дзе ў першым жа баі нечакана для многіх накаўтаваў знакамітага тайскага прафесіянала Кема Сiтсонгпiнонга.


– На паядынку было вельмі шмат людзей. У такія моманты, калі ўся публіка заўзее за твайго суперніка, вельмі цяжка настроіцца. Тайскі баец для іх як нацыянальны герой і ім, напэўна, было цяжка паверыць, што ён прайграў.

 

Другі і фінальны бой быў у той жа дзень. Дзмітрый выйшаў на рынг супраць Хаяла Джанiева, які ў мінулым сезоне перамог самага папулярнага байца свету Буакава Бэнчамека. У вырашальным паядынку суддзям спатрэбіўся дадатковы раўнд, каб вызначыць чэмпіёна. У выніку каралём рынга стаў гарадзенец.

 


– Я чакаў гэтай перамогі і рыхтаваўся да яе. У мяне была матывацыя і жаданне. Кожны дзень мы старанна працавалі з маім трэнерам Юрыем Булатам. Праводзілі па дзве трэніроўкі, праглядалі відэа, разбіралі ўсе ўдары. Рыхтаваліся да акліматызацыі і адмыслова ў Тайланд прыехалі за 10 дзён. Фінальны бой быў цяжкім і па трох раўндах суддзі не маглі вызначыць, хто з нас перамог. У выніку далі дадатковы чацвёрты раўнд і пасля яго заканчэння паднялі маю руку.


 

Жонка ведала на што ішла

 

Дзмітрый лічыць, што такі шанец бывае толькі раз у жыцці.


– Многія спартсмены мараць пабываць і проста выступіць на падобным турніры, а мне ўдалося яшчэ і выйграць. Лічу, што гэтую перамогу заваяваў не толькі я, але і мой трэнер, і каманда дапамагала таксама. Варта адзначыць і падтрымку маёй сям’і, якая за мяне перажывала ў Гродне. Яны і ёсць мой галоўны матыватар.

 

Жонка Дзмітрыя не глядзела фiнальны паядынак, бо была на працы, але сябры тэлефанавалі ёй і распавядалі практычна аб кожным сур’ёзным моманце бою.


– Вядома, яна перажывала. І так кожны бой. Але ў яе няма выбару, проста трэба змірыцца. Ды і калі яна выбірала мяне, яна ведала на што ішла.


Натхняе музыка

 

Перад боем, як многія спартсмены, Дзмітрый стараецца пагутарыць з Богам, падумаць пра сям’ю. Пасля ўсяго гэтага ён са спакойнай душой выходзіць на рынг.

 


– Мяне натхняе малітва, сям’я і, вядома ж, добрая музыка. Калі выходзім на бой, уключаюць часцей за ўсё матывіровачную музыку. Усё залежыць ад спаборніцтваў, можна і сваю паставіць. Асабіста я люблю музыку пад настрой. У большай ступені я слухаю рэп. Таксама магу і рэтра музыку, і рускі рок паслухаць.


Дзмітрый адзначае свой любімы беларускі гурт Brutto, з адным з салітаў якога, Віталём Гурковым, таксама байцом, ён добра знаёмы. Дарэчы, Гуркоў не раз прапаноўваў Варацу наведаць іх канцэрт. “Вось хутка будуць іх гастролі ў Беластоку, разам з нашымі “Дзецюкамi”. Калі ў мяне не будзе спаборніцтваў, абавязкова з’ездзім паслухаць добрую музыку і падтрымаць хлопцаў”.


Дзмітрый адзначае, што, прыходзячы іншы раз на трэніроўку, чуе, як грае беларуская музыка – хлопцы з клуба натхняюцца творчасцю суайчыннікаў. “Цяпер многія спартсмены і трэнеры папулярызуюць родную мову. Гэта і мой трэнер Юрый Булат, і Віталь Гуркоў і многія іншыя”. Дзмітрый лічыць, што яны ўсё правільна робяць, бо, жывучы ў Беларусі, трэба ведаць мову, на якой з пакалення ў пакаленне размаўлялі продкі. Хлопец любіць чытаць пра вядомых спартсменаў па-беларуску. І нават сына з ранняга дзяцінства вучыць гаварыць у садку “да пабачэння”.

 

Гарадзенскі тайбаксёр Дзмітрый Варац: Мусіш любіць сваю радзіму, мусіш размаўляць на роднай мове

 

Дзмітрый не спяшацца з высновамі, што сын абярэ шлях бацькі.


– У яго будзе выбар. Безумоўна, да спорту я яго буду далучаць. Час ад часу падцягваць на розныя трэніроўкі, а далей выбар будзе за ім. Я ж таксама баямі не адразу стаў займацца. Мне і ў футбол атрымалася пагуляць, і ў баскетбол, у басейн рэгулярна хадзілі.


Выхаванец Вараца ўжо стаў чэмпіёнам

 

Сёння Дзмітрый не толькі спартсмен, які рэгулярна выступае на спаборніцтвах, але і трэнер.


– Я заўважыў, што апошнім часам бацькі самі прыводзяць сваіх дзяцей займацца спортам. Але не заўсёды дзеці хочуць займацца. Нядаўна быў у мяне выпадак, калі бацька прывёў сына на трэніроўкі. Ён купіў яму пальчаткі, але малому была не цікава. Які вынік? Бацька сам займаецца ў гэтых пальчатках!


Дзмітрый кажа, што ў сучасным свеце шмат адцягваючых фактараў – тыя ж гаджэты, камп’ютары. Навошта ісці на трэніроўку і пацець, калі можна ў анлайне “накаўтаваць” любога байца? Таму Дзмітрый лічыць, што матывацыя ў дзяцей павінна зыходзіць ад бацькоў.

 

Але ёсць і станоўчыя моманты. Напрыклад, выхаванец Дзмітрыя Улад Едэшка ўжо паспеў стаць чэмпіёнам Еўропы і прызёрам чэмпіянату свету.


– Не хапіла трохі Уладу на апошніх спаборніцтвах, ён правёў больш за ўсіх паядынкаў і гэта адбілася на яго стомленасці. У выніку ў фінале ў змаганні за званне чэмпіёна свету ён прайграў расійскаму спартсмену.


Дзмітрый упэўнены, што ў Беларусі шмат байцоў і таленавітых, і старанна працуючых. Але для сябе ён улавіў думку, што ў чалавека можа быць толькі 1% таленту, а ўсе астатнія працэнты поспеху дасягаюцца руплівымі трэніроўкамі і працай над сабой.

 

Дзмiтрый са сваiм выхаванцам Уладам Едэшкам


Любіць кіно і лазню

 

Панядзелак, серада і пятніца ў спартсмена насычаныя дні, можна сказаць, ён трэніруецца цэлы дзень. А вось у аўторак, чацвер і суботу Дзмiтрый вызваляецца крыху раней і вольны час імкнецца праводзіць з сям’ёй або сябрамі.

 

– З жонкай мы часта ходзім у кіно. Мне вельмі падабаецца, бо я магу адключыцца ад усяго і пагрузіцца цалкам у фільм. Нядаўна хадзіў на “Выживший” з Леанарда Ды Капрыа, мне вельмі спадабалася. Думаю, ён нарэшце возьме доўгачаканы Оскар. Акцёр стараецца, а ўсё ніяк не атрымліваецца. Але ў апошняй стужцы ён адыграў вельмі моцна. Такія фільмы натхняюць і матывуюць на новыя перамогі. Як бы цяжка не было, ты павінен ісці да сваёй мэты.


Калі з жонкай Дзмітрый ходзіць у кіно, то з сябрамі любіць наведваць лазню.


align=”” width=”725″ height=”483″ >