Арцём Васькоў стаў другiм набыццём “Нёмана” ў мiжсезоннi
Яшчэ раней, у 2009 годзе, футбалісту даводзілася выступаць у складзе жоўта-зялёных. Тады паўабаронца правёў у футболцы “Нёмана” усяго адзін матч, у якім выйшаў толькі на 10 хвілін. Пасля футбаліст з’ехаў у Азербайджан, а далей у Латвію. Адтуль яго аддавалі ў арэнду ў “ДСК-Гомель” і ў “Віцебск”. А з 2012 года футбаліст ўжо паўнавартасна гуляў за “Тарпеда-БелАЗ”.
У сезоне 2015 года паўабаронца 21 раз выходзіў на поле ў складзе жодзінскай каманды. У гэтых матчах яму ўдалося забіць толькі два мячы.
Раней Васькоў ужо тлумачыў прычыну таго, чаму ён вырашыў пакінуць “Тарпеда”:
– Сыходзіць з каманды было вельмі цяжка, я доўга і пакутліва думаў над гэтым пытаннем, але прыняў рашэнне, што ў маёй кар’еры наступіў момант перазагрузкі. “Тарпеда” – велізарны этап у маёй футбольнай біяграфіі. Там я па-сапраўднаму зайграў у Вышэйшай лізе – столькі, колькі я згуляў за Жодзіна, я не гуляў нідзе. У “Тарпеда” я забіў большасць сваіх мячоў. Таму літара “Т” застанецца са мной назаўжды.
Меркавалася, што пасля Жодзіна футбаліст адправіцца для працягу кар’еры ў краіны блізкага замежжа, але, як апынулася, Васькоў падыйшоў гарадзенскаму “Нёману”. Верагодней за ўсё, ён зойме месца Лягчылiна, які нядаўна перайшоў ў ФК “Мінск”.
Нагадаем, што першым гульцом, якога набыў “Нёман” у 2016 годзе, стаў 38-гадовы форвард Раман Васілюк.
Фота fcneman.by