Школьніцы з Дзярэчына атрымалі 100 млн для сваёй школы за праект энергаэфектыўнага дома

|

“Энергамарафон” праходзіць у Беларусі з 2008 года. Яго мэта – фарміраванне ў падрастаючага пакалення беражлівых і эканомных адносін да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя. А таксама ўкараненне ў працу ўстаноў адукацыі найноўшых энергазберагальных ідэй і метадаў.

 

 

У Гродне было прадстаўлена мноства прац, але толькі некалькі з іх ацаніла журы. Напрыклад, школьнік з Ліды Антон Лысенка прэзентаваў самаробны электрашокер і арыгінальны начнік.

 


– Міні-электрашокер можа служыць для самаабароны. Я яго прадставіў у разабраным выглядзе, але корпус зрабіць не проблема. Таксама я прэзентаваў начнік, які цяпер рэгулярна выкарыстоўваюць у мабільных тэлефонах. Мой адрозніваецца ад іншых распрацовак толькі тым, што пры адключэнні святла ён пачынае адразу міргаць. Такую распрацоўку можна выкарыстоўваць у хатніх умовах.

Вось так выглядае электрашокер у разабраным выглядзе

 

Пачынаў Антон з самых простых рэчаў і атрымоўвалася ў яго не ўсё адразу. Але цяпер у яго ўжо ёсць свая паяльная станцыя, дзе ён можа наладжваць тэмпературу.

 

Быў на конкурсе і школьнік, які прапаноўваў выкарыстоўваць салому як крыніцу энергіі. Яго праект, як і электрашокер Антона, атрымаў толькі грамату.

 

А вось вучаніцы дзярэчэнскай сярэдняй школы Алёна Белiкала і Дыяна Бабеля ў Гродне прадставілі самы цікавы на думку журы праект. Дзяўчаты атрымалі 100 мільёнаў рублёў для сваёй навучальнай установы за распрацоўку экалагічна чыстага дома.

Вучаніцы 10 класа прадставілі энергаэфектыўны дом, які спецыяльна зрабілі ў выглядзе макета для конкурсу


– Ён у нас не толькі энергаэфектыўны, але і пабудаваны з экалагічна чыстых матэрыялаў. Для будаўніцтва гэтага дома патрэбна гліна, пясок, салома і драўніна.

 

Дыяна распавяла, што падобны дом хоча зрабіць на сваім участку ў бліжэйшай будучыні. Пры наяўнасці падмурка ён будзе каштаваць дзве тысячы долараў.

 

Дзяўчыны з дзярэчэнскай школы адправяцца на рэспубліканскі этап конкурсу “Энергамарафон”. Яго арганізатары: Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і Міністэрства адукацыі.