Лепшыя бармены свету “распілілі” 6000 еўра ў Гродне

|

Міжнародны турнір сярод барменаў Metro Flair 2016 прайшоў у гродзенскім клубе “База” 29 студзеня. Спаборніцтвы былі адным з этапаў Кубка свету WFA Grand Slam і сабралі 67 удзельнікаў з розных краін.

 

У фінал прабіліся толькі 12 лепшых, але лідэрам, яшчэ нават не выходзячы за стойку, лічылі італьянца Бруна Ванзана, які ў мінулым годзе заняў першае месца. Варта было італьянцу з’явіцца на сцэне, як яго бурна павітала ўжо знаёмая гарадзенская аўдыторыя. Пасля выступу італьянец падарыў сваю майку казахскаму бармэну, які паабяцаў, што ў наступным годзе даб’ецца добрага выніку. 

Тым не менш, італьянцу не ўдалося стаць чэмпіёнам, магчыма, музычная замінка падчас выступу згуляла з ім злы жарт.

 

Першае месца дасталася Аляксандру Штыфанову з Расіі. Малады і ўсмешлівы хлопец толькі выйшаў на сцэну – і адразу ўразіў многіх. Суддзі доўга раіліся і ў выніку заслужана аддалі яму першае месца. 

Другое месца дасталася румыну, а трэцяе месца заваяваў яшчэ адзін расіянін. 

 

На турнір прыехала шмат удзельнікаў, асноўны касцяк складалі бармэны з рускамоўных краін.

 

Напрыклад, Сяргей прыехаў у Гродна з Расіі ўжо ў другі раз. У мінулым годзе ён патрапіў на турнір не падрыхтаваным, і менавіта тады ён сабе паабяцаў, што ў новым турнiры даб’ецца добрага выніку. Абяцанне ён стрымаў і трапіў у фінал.

– Вы не паверыце, але для мяне гэта мерапрыемства захапляльнае падарожжа па Беларусі. Я прыехаў у Гродна на машыне з Масквы. Прыемна, што з 12 удзельнікаў амаль палову складаюць мае суайчыннікі. Да турніру даводзілася доўга рыхтавацца. Перад тым як паказаць свае здольнасці ў бары, трэба ў пачатку ўсё адпрацаваць у зале. У Гродне перамог наймацнейшы: мы ўзялі колькасцю і якасцю. 

 

Упершыню ў турніры ўдзельнічалі дзяўчыны – іх таксама ўзнагародзілі. Вольга (у белай майцы) прыехала ў Беларусь з Санкт-Пецярбурга і заняла другое месца. Лепшай дзяўчынай-бармэнам стала таксама прадстаўніца Расіі – Святлана Трушчына.

 

– Эмоцыі, вядома, зашкальваюць – арганізацыя ў Гродне на высокім узроўні. Да турніру я пачала рыхтавацца яшчэ ў верасні, а самім флэйрынгам (майстэрства жангліравання ў бармэнаў – рэд.) займаюся каля двух гадоў. Гэтага мала, цяпер мне трэба набірацца вопыту. Мне здаецца, што мы, дзяўчаты, павінны выкарыстоўваць больш жаноцкасці ў такіх турнірах.


Судзілі турнір сур’ёзныя і вядомыя ў свеце бармэнаў людзі. Напрыклад, Том Дайер з Вялікабрытаніі. Раней ён два гады прыязджаў у Гродна ў ролі ўдзельніка, сёння ён ужо суддзя.

Суддзі: Тiмпа Нюссонен (Фінляндыя), Том Дайер (Вялікабрытанія) i Сяргей Сідорэнка (Украіна)

На турніры вялася прамая трансляцыя, за якой сачыла больш 8000 чалавек з усяго свету.

 

Публіку паміж выступамі забаўлялі рознымі конкурсамі і частавалі кактэйлямі.