Замест мяса – бурак або тофу: у Гродне адкрыўся першы бар для тых, хто ўжывае толькі раслінную ежу

|

Веганскі Nesterka bar адкрыўся на месцы былой кавярні ў драмтэатры. Увечары 29 студзеня тут сустракалі першых наведавальнікаў. 30 студзеня бар будзе працаваць у рэжыме тэставага адкрыцця-прэзентацыі з 12.00 да 00.00. Звычайны рэжым – з 16.00 да 24.00.


Добра вядомы бар Несцерка ў будунку драматычнага тэатра змяніў профіль і адкрыўся ў новым фармаце. Зараз гэта установа прапануе веганскія стравы


Кампанія з 10 асоб – адначасова заснавальнікаў і супрацоўнікаў бара – вегане і вегетарыянцы. Гэта і акрэсліла стыль і фармат новай установы – месца “для сваіх” з веганскай ежай. Аднак абмяжоўвацца толькі колам знаёмых яны не збіраюцца.

 

Дзіма, адзін з арганізатараў, кажа, што тут будуць раду ўсім і не дзеляць наведвальнікаў на “правільных” і “няправільных” – проста прапануюць тое, што любяць самі – смачную здаровую ежу, утульнае памяшканне і сяброўскую атмасферу.

 

У першы дзень працы ў веганскім бары можна было пакаштаваць бургеры і фалафель. Шырокім быў і выбар напояў – з алкаголем і без, гарачыя і халодныя – прапанова тут значна шырэйшая чым з ежай, што адпавядае фармату бара. Арганізатары абяцаюць ў будучым пашырыць меню і прадставіць новыя веганскія стравы, але да часу не раскрываюць усіх таямніц.

 

Бургеры ў Несцерцы прапануюць вялікага ці сярэдняга памеру, а катлеты для іх робяць з бурака, бульбы ці тофу – на выбар замоўцы (фота са сторонкі бара ў ВК)

 

Ідэя адкрыцця веганскага бара ў Гродне абудзіла хвалю цікавасці яшчэ да адкрыцця: суполка Nesterka bar ВКонтакте набрала больш за паўтысячы сяброў за пару тыдняў. Арганізатары тлумачаць гэта цікавасцю да здаровага харчавання ў цэлым і тым, што падобная установа – першая ў горадзе.

 

Вялікая частка наведвальнікаў – сябры і знаёмыя стваральнікаў новага бара. Але цікавасць да “альтэрнатыўных” спосабаў харчавання праяўляюць многія ў Гродне


Дыджэй Шмольц, што забяспечваў мерапрыемства атмасфернай музыкай, таксама сябар арганізатараў, які гатовы “падтрымліваць як мясцовую сцэну, так і новыя ініцыятывы”. Разважаючы пра цікавасць да веганскага бара ў Гродне, ён узгадвае і жаданне людзей ужываць здаровую ежу, і этычныя пытанні і, нарэшце, тое, што вегетарыянства і веганства зараз у модзе. Паводле музыкі, з’яўленне такой установы і яе запатрабаванасць сведчыць пра эвалюцыю каштоўнасцяў і жаданне людзей паспрабаваць альтэрнатыўныя спосабы харчавання.

 

Дыджэй Шмольц: “У большасці існуе шмат абмежаванняў у галаве наконт жыцця без мяса”. Таму людзям проста цікава даведацца, як можа смакаваць такога кшталту ежа

 

Сам дыджэй кажа, што яму падабаецца вегетарыянская і веганская кухня, хаця цалкам адмаўляцца ад мяса ён пакуль не збіраецца. Пра музыку, абраную ім для першага вечара ў веганскім бары, жартуе, што па яна таксама “нізкакаларыйная”.

 

Сярод тых наведвальнікаў, для каторых важнай стала менавіта веганская скіраванасць установы, былі Андрэй, Оля і Валерыя.

 

Маладыя людзі аднымі з першых зайшлі ў бар і адразу зрабілі замову – для іх найперш важна, што ў горадзе з’явілася месца, куды можна запрасіць Олю, сяброўку, што трымаецца веганства

 

Оля – веган, і сябры радыя, што нарэшце ў горадзе з’явілася установа, дзе можна будзе пачаставаць яе без апасенняў і абмежаванняў. “Звычайна ў кавярнях трэба праз афіцыянта загадзя прасіць повара не дававаць ў страву прадуктаў, якіх я не ўжываю – яек, масла, малака ці мяса. На гэта не заўсёды згаджаюцца, тады прыходзіцца карыстацца вельмі абмежаваным выбарам салатак ці гарніраў”, – кажа Оля.

 

Фалафель, што замовілі дзяўчаты, быў пададзены прыкладна праз сем хвілін

 

Андрэй, што прыехаў у Гродна з Расіі, кажа, што ўвогуле здзіўлены адсутнасцю “альтэрнатыўных” прапановаў ежы ў Гродне. Са словаў хлопца, ён ад лета “прадказваў” адкрыццё падобнай установы, “бо гэта непазбежна” – у любым вялікім горадзе ёсць шмат розных людзей, што хочуць пастрабаваць розную ежу – “кітайскую, японскую ці веганскую”.

 

У веганскім бары можна даведацца, як насамрэч смакуе ежа, прыгатаваная без звыклых прадуктаў жывёльнага паходжання. Выглядае на тое, што цікавасць да “альтэрнатыўнага харчавання” ў Гродне ёсць


Андрэй кажа, што любіць гатаваць і частаваць сваіх сяброў, але наяўнасць сяброўкі-вегана для яго сапраўды выклік. Прыгатаваць смачную ежу з абмежаванага набору прадуктаў – сапраўдная творчасць. Таму паход у новы бар для кампаніі гэта яшчэ і магчымасць ацаніць, як з такой задачай спраўляюцца іншыя.

 

Ежу ў Несцерцы сябры ацанілі як смачную. Адзінае шкадаванне з іх боку – вузкі пакуль што асартымент, таму з цікавасцю чакаюць працягу

 

Што тычыцца саміх арганізатараў, то яны, напэўна, хвалююцца. Кажуць, што раней не спрабавалі сябе ў бізнесе і ў грамадскім харчаванні. Усё, што адбываецца, для іх новае і нязведанае. Таму даваць каментары ці ацэнкі пакуль, лічаць, зарана: “Паспрабуем, папрацуем, тады і будзе пра што размаўляць”. А пакуль – кожны робіць сваю справу на сваім месцы і здабывае каштоўны досвед.

 

Арганізатары і стваральнікі веганскага бара на новых для сябе працоўных месцах – за стойкай. Тыя, хто зараз не ў кадры, працуюць на кухні