На Нёмане акальцавалі і перапісалі лебедзяў-шыпуноў

|

Мэта кальцавання менавіта ў гэты дзень – звярнуць увагу грамадскасці і кіраўніцтва краін на неабходнасць беражлівых адносін да асяроддзя пражывання вадаплаўных птушак і важнасць водна-балотных угоддзяў у экасістэме планеты.

 

Намеснік старшыні абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрый Вінчэўскі кажа, што, пачынаючы з 1980-х гадоў, на Гарадзеншчыне папуляцыя лебедзяў-шыпуноў павялічылася. А яшчэ два стагоддзі таму ў нас гэты від птушкі быў цалкам знішчаны.

 

Частка шыпуноў адлятае на зіму, частка застаецца. Арнітолагі апранаюць спецыяльныя бранзалеты на лапы птушак, каб у будучыні разумець iх стыль жыцця, а таксама праводзіць падлік.


– Кальцаваць трэба  як мага часцей. Гэта дапамагае даведацца шмат пра канкрэтных птушак: працягласць жыцця, месцы гнездавання і зімоўкі, ці мяняюцца яны і партнёры, колькі маюць патомкаў і г.д. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі птушка з кальцом будзе заўважана жывой, альбо знойдзена мёртвай. Для розных груп птушак ёсць розная імавернасць гэтага. Напрыклад, для вялікіх  –  большая,  для паляўнічых відаў – таксама, бо іх часта забіваюць, для драпежных і вераб’іных – вельмі маленькая. Таму нам важная масавасць і ахоп, – распавядае Дзмітрый.

 

 

Цяжка патлумачыць дакладна, чаму канкрэтныя шыпуны не адлятаюць з Гродна. Некаторыя не гатовы пералятаць далёка фізіялагічна: хворыя, слабыя, старыя, маладыя альбо позні вывадак, які трымаецца з бацькамі. Альбо бацькі застаюцца з такімі познімі птушанятамі. Магчыма, усё і наадварот – не адлятаюць моцныя і дасведчаныя птушкі, якія заставаліся паспяхова раней. Таксама не выключана, што ў Беларусі зімуюць птушкі з захаду, якія перамясціліся да нас, бо мясцовыя птушкі адляцелі і ніша тут вольная.